Вызваленыя і выкінутыя з Беларусі ва Украіну палітвязні Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава учора прыбылі ў Берлін і збіраюцца правесці там у аўторак, 23 снежня, прэс-канферэнцыю для СМІ. Пра гэта гаворыцца ў разасланым запрашэнні для журналістаў.
«У аўторак, 23 снежня, аб 11:00 адбудзецца прэс-канферэнцыя Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай у Берліне», — паведаміла прэс-служба каманды Бабарыкі.
Арганізатары прэс-канферэнцыі абяцаюць анлайн-трансляцыю, але пакуль не гарантуюць, што беларускія журналісты, якія не могуць прыехаць у Берлін, змогуць задаць свае пытанні.
Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава прыбылі ў Берлін 19 снежня. Іх сустракаў міністр замежных спраў Германіі Ёган Вадэфуль. Фотаздымкамі сустрэчы падзялілася прэс-служба МЗС Германіі.
Нагадаем, 13 снежня былі вызваленыя 123 палітвязні. 114 былі выдвораныя ва Украіну, астатнія — у Літву. У некаторых няма на руках пашпартоў. 17 снежня палітвязні пакінулі тэрыторыю Украіны. 87 прыбылі ў Польшчу, 20 — у Літву. Калеснікава і Бабарыка адправіліся ў Германію. Там ім прадаставяць прытулак. Пра гэта заявіў федэральны міністр унутраных спраў Германіі Аляксандр Добрындт.
Першую прэс-канферэнцыю Бабарыка і Калеснікава правялі адразу пасля вызвалення ў Чарнігаве. Сказаныя на ёй словы выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадстве.

