Падчас фіналу ўкраінскага нацыянальнага адбору-2026 успыхнуў гучны скандал. Член журы конкурсу – спявачка Руслана заклікала адправіць на Еўрабачанне-2026 Leléka, хоць у гэты час яшчэ ішло галасаванне за ўдзельнікаў.
«Я хачу сказаць вельмі адказныя словы, я ўзважыла і кажу цяпер сэрцам. Ва ўмовах вайны нам трэба нешта, што мацней, чым зброя, нам трэба трапіць у людскія сэрцы. У нас ёсць ідэя, у нас ёсць нота, стыль і патэнцыйная хітовасць. Мы можам даць меседж, імпульс, што Украіна ўзляціць, яна ўжо ўзлятае. У нас ёсць самародак і я вас заклікаю адправіць на Еўрабачанне ў Вене спявачку Лелеку», – сказала Руслана.
Па выніках галасавання спявачка Leléka з песняй Ridnym атрымала перамогу на нацыянальным адборы і прадставіць Украіну на «Еўрабачанні 2026» у Вене. Члены журы аддалі спявачцы максімальныя 10 балаў, ад гледачоў яна таксама атрымала 10.
Пад пастамі конкурсу ў Instagram ужо з’явілася мноства абураных каментароў:
«Прамая агітацыя журы да вынікаў галасавання недапушчальная».
«Пахне фальсіфікацыяй».
«Выбачайце, а дзе можна падаць петыцыю за перагляд галасоў і ўсталяванне справядлівасці!?».
«Журы ўвесь час агітавала за яе. Хіба гэта па правілах? І чаму так мала часу далі на галасаванне? Падчас блэкаўтаў…».
«Спадарства, тут пахне дыскваліфікацыяй дадзенай удзельніцы, што за прапаганда на судзейскай лаве, хто такое дапусціў?».
«Трэба новае галасаванне, якое будзе доўжыцца не 5 хвілін!».
На скандал ужо адрэагавалі арганізатары конкурсу і зрабілі афіцыйную заяву з нагоды скандалу.
«Журы дзеляцца ўражаннямі ад выступленняў артыстаў, даюць як негатыўныя, так і станоўчыя каментары. Сярод іншых Руслана станоўча адгукнулася пра выступ LELÉKA і заклікала выбраць менавіта яе», – напісана ў заяве.
Таксама арганізатары падкрэслілі, што такі каментар не парушае правілы нацыянальнага адбору і з’яўляецца асабістай пазіцыяй Русланы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
