Уначы і раніцай Расія нанесла масіраваны ўдар па энергасістэме Украіны. Як паведамляе тэлеграм-канал Нацыянальнай энергетычнай кампаніі «Укрэнерга», гэта другая з пачатку года маштабная атака па энергасістэме краіны.
Ракетамі і дронамі былі паражаны энергааб’екты ў васьмі абласцях краіны — электрастанцыі, а таксама падстанцыі сістэм перадачы і размеркавання электраэнергіі. Пад удар трапілі ключавыя высокавольтныя падстанцыі, якія забяспечвалі выдачу магутнасці атамных энергаблокаў, у выніку чаго ўсе АЭС на падкантрольнай Украіне тэрыторыі былі вымушана разгружаныя.
З-за пашкоджанняў у энергасістэме істотна вырас дэфіцыт магутнасці. Гэта прывяло да павелічэння працягласці пагадзінных адключэнняў электраэнергіі па ўсёй краіне. У большасці рэгіёнаў таксама дзейнічаюць аварыйныя адключэнні, якія абяцаюць адмяніць пасля стабілізацыі сітуацыі.
Аварыйна-аднаўленчыя работы пачаты ўсюды, дзе гэта дазваляе абстаноўка бяспекі. У кампаніі падкрэслілі, што прыярытэт надаецца электразабеспячэнню аб’ектаў крытычнай інфраструктуры.
Міністр энергетыкі Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што пад ударам апынулася “аснова энергасеткі Украіны” — падстанцыі і паветраныя лініі электраперадачы напружаннем 750 і 330 кВ. Акрамя таго, пашкоджанні атрымала генерацыя, у тым ліку Бурштынская і Дабратворская ТЭС.
“Блокі АЭС былі разгружаныя персаналам. На дадзены момант па ўсёй тэрыторыі Украіны ўжыта 4,5–5 чэргаў графікаў аварыйных адключэнняў, а ва ўсходніх і паўночных абласцях — спецыяльныя графікі аварыйных адключэнняў. Атака працягваецца. Энергетыкі гатовыя прыступаць да аднаўлення, як толькі гэта дазволіць сітуацыя з бяспекай”, — праінфармаваў ён.
Дыспетчарам «Укрэнерга» актываваны запыт на аварыйную дапамогу ад Польшчы.
Як паведаміў прэзідэнт Украіны, у атацы было задзейнічана больш за 400 дронаў і каля 40 ракет.
“Асноўная мэта — энергасетка, генерацыя і размеркавальныя падстанцыі. Ёсць пашкоджанні ў Валынскай, Івана-Франкоўскай, Львоўскай, Ровенскай абласцях. У Роўна пашкоджаны шматпавярховы дом. У Ладыжыне Вінніцкай вобласці дронамі нанеслі ўдар па адміністрацыйным корпусе звычайнага аграрнага каледжа. Былі таксама ўдары па Кіеўскай і Харкаўскай абласцях. У некаторых рэгіёнах працягваюць працаваць сілы ППА”, — напісаў ён у Telegram.
“Кожны дзень Расія можа выбраць сапраўдную дыпламатыю, але выбірае новыя ўдары. Важна, каб на гэта рэагавалі ўсе, хто падтрымлівае трохбаковыя перамовы. Маскву трэба пазбавіць магчымасці ціснуць на Украіну холадам. Для гэтага патрэбныя ракеты для «Пэтрыётаў», NASAMS і іншых сістэм. Кожная партыя дапамагае нам перажыць гэтую зіму. Дзякуй усім партнёрам, хто гэта разумее і сапраўды дапамагае”, — дадаў украінскі лідар.
