У Варшаве сёння, 7 лютага, праходзяць слуханні кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святланы Ціханоўскай у Каардынацыйнай радзе. Лідарка дэмакратычных сіл расказала пра праведзеную працу за справаздачны перыяд і падзялілася стратэгіяй дзеянняў, якая цяпер рэалізуецца.
Зараз кіраўніца АПК дае адказы на пытанні дэлегатаў КР. На YouTube-канале КР вядзецца прамая трансляцыя.
Святлана Ціханоўская падзякавала беларусам за падтрымку і за спрэчкі.
«Нам не патрэбна ўладная вертыкаль, калі ёсць сістэма, пабудаваная на прынцыпах дэмакратыі, узаемнай падсправаздачнасці і празрыстасці. І гэтая сістэма процілеглая так званаму казарменнаму спосабу кіравання, які рэжым навязвае беларусам. Я дзякую вам за падтрымку, але таксама дзякую і за спрэчкі», — заявіла лідарка дэмсіл.
Яна прапанавала «прыняць, што дэбаты, дыскусіі і разыходжанні, якія ў нас ёсць, — гэта нармальна ў дэмакратычным грамадстве», што гэта «прыкмета здаровага арганізма», і што «было б значна горш, калі б былі поўная цішыня і аднагалоссе».
Ціханоўская падзякавала ўсім фракцыям Каардынацыйнай радзе і асабліва фракцыі «Беларусы», якая ініцыявала слуханні, АПК і камандзе офіса «за бяссонныя ночы, за працу ва ўмовах цэйтноту і вельмі часта — за валанцёрства».
«Дэмакратычныя сілы сёння робяць тое, што павінна рабіць нармальная дзяржава — вырашаць праблемы сваіх грамадзян, абараняць іх правы і адстойваць інтарэсы краіны на міжнароднай арэне. Рэжым Лукашэнкі робіць усё наадварот. Ён пераследуе сваіх грамадзян, а краіну заганяе ў ізаляцыю.
Улада клапоціцца не пра людзей, а пра саму сябе, пра ўласнае выжыванне. Яна трымаецца на страху і рэпрэсіях. І людзі ў Беларусі і за яе межамі не адчуваюць ні павагі з боку дзяржавы, ні ўпэўненасці ў заўтрашнім дні ў такой сістэме, пабудаванай на капрызе аднаго чалавека. Чыноўнікі гатовыя выконваць самыя дурныя загады. І прыклад таму, вядома, нядаўняя пастанова аб адключэнні вулічнага асвятлення. Проста так паставіць жыццё людзей пад пагрозу без усякай неабходнасці. Гэта чарговы маразм гэтага рэжыму”, — заявіла палітык.
“Памятаеце, раней была такая фраза: “Сыходзячы, гасіце святло”. І хочацца верыць, што адключэнне святла — гэта тонкі намёк на непазбежны сыход дыктатара і разам з ім усёй яго бесчалавечнай сістэмы. І калі гэта адбудзецца, вядома, многія беларусы ўздыхнуць з палёгкай, і сумаваць па дыктатару дакладна ніхто не будзе. Гэта не сакрэт, што многія чыноўнікі за спінамі называюць Лукашэнку дзедам і жартуюць пра яго сінія пальцы», — дадала яна.
Ціханоўская бачыць для Беларусі дзве альтэрнатывы: «статус-кво Беларусі як сатэліта Расіі альбо ўсё ж незалежную краіну, інтэграваную ў еўрапейскую прастору», і сёння, на яе думку, «менавіта дэмакратычныя сілы ўвасабляюць гэтую альтэрнатыву».
«Безумоўна, змены ў Беларусі будуць, шмат у чым гэта будзе залежаць ад вынікаў расійскай вайны супраць Украіны. Ёсць верагоднасць, што ўсё ж будзе падпісана мірнае пагадненне. І калі гэта адбудзецца, увага зноў вернецца да Беларусі. І вельмі верагодна, што адкрыецца новае акно магчымасцяў, і для нас будзе вельмі важна гэтай магчымасцю скарыстацца і не дазволіць Расіі замацаваць свой кантроль над Беларуссю, каб не страціць канчаткова суверэнітэт.
Захаваўшы суверэнітэт, мы зможам вярнуць Беларусь і дэмакратыю, а затым, вядома, паставіць Беларусь на еўрапейскія рэйкі. Многія ўнутры сістэмы падзяляюць нашы погляды і гатовыя з намі дамаўляцца. Яны разумеюць, што Лукашэнка страціў суб’ектнасць, што ён цалкам залежыць ад Расіі і вядзе краіну ў тупік. І калі гэты працэс не спыніць, мы страцім нашу краіну», — дадала кіраўніца АПК.


