Літоўскія памежнікі ў 2025 годзе канфіскавалі рэкордную колькасць кантрабандных цыгарэт. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Паводле яе інфармацыі, памежнікі перахапілі больш за 4,44 млн пачак цыгарэт. Гэта ў тры разы больш, чым у 2024 годзе, калі былі канфіскаваныя амаль 1,39 млн пачак. Кошт канфіскаваных у мінулым годзе цыгарэт ацэньваецца ў 21,1 млн еўра. Варта адзначыць, што ў Літве тытунёвую кантрабанду канфіскуюць не толькі памежная служба, але і мытня, паліцыя.
Адзначаецца, што асноўны ўнёсак у кантрабанду, выяўленую памежнай службай, зрабілі не беларускія кантрабандысты.
“Мінулы год быў асаблівым яшчэ і тым, што спроб кантрабанды нелегальных цыгарэт у Літву з Латвіі было больш, чым з Беларусі. Такога з’явішча раней ніколі не здаралася”, — распавялі ў службе.
Паводле даных памежнікаў, 50,1% канфіскаваных цыгарэт трапілі ў Літву з Латвіі. Было зарэгістравана 45 фактаў увозу тытунёвай прадукцыі — усяго канфіскавана 2,2 млн пачак. 49,2% кантрабанды прыляцела з Беларусі, у асноўным на паветраных шарах. Было канфіскавана 1,6 млн пачак. На долю расійскага напрамку прыйшлося толькі 0,3% кантрабанды. Усяго ж было спынена 911 выпадкаў цыгарэтнай кантрабанды.
Самымі папулярнымі цыгарэтамі ў кантрабандыстаў былі «Мінск». На долю гэтага наймення прыйшлося 37% ад агульнай колькасці, 26% перахопленай кантрабанды — гэта таксама беларуская марка NZ. На долю Marlboro прыйшлося 15%, а Winston — 13%. Пры гэтым большая частка цыгарэт гэтых двух найменняў не мела акцызных марак.
САГДМ таксама адзначыла і іншыя тэндэнцыі ў кантрабандзе з Беларусі. За 2025 год было перахоплена 635 партый супраць 226 у 2024 годзе. Таксама пачасціліся выпадкі, калі паветраныя шары кантрабандыстаў заляталі ўглыб Літвы на 100 і больш кіламетраў. Калі ў 2024 годзе такіх выпадкаў было каля трэці ад агульнай колькасці, то ў мінулым «далёкасяжная» кантрабанда склала дзве траціны выпадкаў. Толькі траціна шароў прызямлілася паблізу мяжы. У 2025 годзе памежнікі перахапілі 59 беспілотнікаў, што толькі на 5 больш, чым у 2024-м.
За 2025 год літоўскія памежнікі таксама перахапілі 32 плыты з цыгарэтамі, якія сплаўляліся па Нёмане і Віліі. Было канфіскавана больш за 107 тыс. пачкаў цыгарэт.
“Розніца ў цэнах на цыгарэты ў Літве і Беларусі застаецца значнай, што стварае спрыяльныя ўмовы для незаконнай транспарціроўкі і гандлю цыгарэтамі, асабліва з улікам талерантнасці насельніцтва да больш танных кантрабандных цыгарэт.
Залішняя вытворчасць беларускай тытунёвай прамысловасці не скарачаецца. Улічваючы гэта, а таксама выгаднае геаграфічнае становішча Літвы, краіна застаецца прывабным пунктам для незаконнага транзіту тытунёвай прадукцыі ў іншыя краіны ЕС. Акрамя таго, беларускі рэжым выкарыстоўвае кантрабанду паветранымі шарамі ў якасці гібрыднай атакі супраць Літвы.
Ацаніўшы вышэйзгаданыя абставіны, САГДМ заяўляе, што рызыка незаконнай перавозкі тытунёвай прадукцыі застаецца высокай”, — падсумавалі ў літоўскай памежнай службе.
