У нядзелю ў Кіеве зачыніўся беларускі «Пункт нязломнасці» — намёт, які валанцёры арганізавалі амаль два месяцы таму. Пра гэта паведаміла кіраўніца валанцёрскай ініцыятывы «Сустрэча» Алена Жаркевіч. За гэты час тут накармілі і сагрэлі сотні людзей.
Паводле яе слоў, таксама тут беларусы шмат размаўлялі з украінцамі пра Беларусь — пра рэпрэсіі, пра людзей, вымушаных з’язджаць, пра ўплыў Расіі і пра тое, што беларусы працягваюць змагацца.
“Але для мяне гэты пункт быў не толькі пра ежу і цяпло. Гэта было месца размоў. Тут мы шмат размаўлялі з украінцамі пра Беларусь. Пра тое, што Беларусь — гэта не рэжым. Хтосьці гэта ведаў. А хтосьці шчыра здзіўляўся, калі даведваўся, як сёння жыве наша краіна. Мы гаварылі пра рэпрэсіі. Пра людзей, якія вымушаны з’язджаць. Пра мігрантаў. Пра велізарны ўплыў Расіі на Беларусь. І пра тое, што беларусы, як могуць, працягваюць змагацца.
Для мяне было вельмі важна, што ўкраінцы слухалі і хацелі разумець. А яшчэ гэты намёт у чарговы раз даказаў мне адну простую рэч. Беларусы, калі трэба, умеюць быць разам. Умеюць арганізавацца. І не кідаюць адно аднаго. Я не перастаю гэтым захапляцца. І я сапраўды лічу, што беларусы — адна з самых выдатных нацый. Не таму, што я беларуска. А таму, што нашы людзі — шчырыя, добрыя і вельмі спачувальныя”, — напісала яна ў Facebook.
Алена падзякавала ўсім, хто дапамагаў і падтрымліваў.
“Дзякуючы вам гэты маленькі намёт змог зрабіць значна больш, чым я калі-небудзь магла ўявіць. Пункт нязломнасці зачыняецца. Але праца не спыняецца. Бо калі ты сапраўды хочаш нешта зрабіць — трэба проста браць і рабіць. І побач абавязкова з’яўляюцца людзі, якія дапамогуць. Я гэта бачу ўжо не першы раз. І ведаю — мы яшчэ зробім шмат важнага”, — дадала яна.




