Дзяржпраграма «Лічбавая Беларусь» на 2026–2030 гады прадугледжвае скарачэнне папяровага дакументаабароту за кошт выкарыстання лічбавых вобразаў дакументаў пры вырашэнні розных жыццёвых і дзелавых сітуацый. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавана пастанова Савета Міністраў №793 ад 30 снежня, якой была зацверджана праграма.
У тэксце дакумента гаворыцца, што ў наступнай пяцігодцы мяркуецца прапрацаваць фарміраванне і пачаць выкарыстоўваць лічбавыя вобразы шэрагу дакументаў, сярод якіх ёсць і пашпарт грамадзяніна. Акрамя таго, мяркуецца, што могуць быць алічбаваныя:
- вадзіцельскае пасведчанне;
- страхавое пасведчанне дзяржаўнага сацыяльнага страхавання;
- звесткі з індывідуальнага асабовага рахунку;
- дазвол на часовае пражыванне;
- пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі транспартнага сродку;
- ваенны білет;
- пенсійнае пасведчанне;
- пасведчанне аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану (аб нараджэнні, аб заключэнні шлюбу, аб скасаванні шлюбу, аб устанаўленні бацькоўства, мацярынства, аб змене імя);
- пасведчанне інваліда;
- пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў дачыненні да аб’екта нерухомай маёмасці і правоў на яго;
- заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі;
- пасведчанне на права кіравання маторным маламерным суднам.
Дакладны пералік такіх дакументаў будзе вызначацца дзяржаўнымі органамі. У 2026 годзе дзяржпраграма павінна быць дапоўненая мерапрыемствамі па стварэнні або мадэрнізацыі інфармацыйных рэсурсаў і сістэм для фарміравання такіх лічбавых дакументаў.
“У выніку грамадзянам павінна быць прадастаўлена магчымасць атрымання і выкарыстання даных пра сябе праз мабільныя і вэб-прыкладанні для аператыўнага вырашэння жыццёвых (дзелавых) сітуацый у электроннай форме”, — гаворыцца ў тэксце праграмы.
Урад таксама збіраецца забяспечыць магчымасць працы з ID-картай (ідэнтыфікацыя, аўтэнтыфікацыя, выпрацоўка электроннага лічбавага подпісу) з дапамогай мабільных прылад, а таксама магчымасць ажыццяўлення ідэнтыфікацыі і аўтэнтыфікацыі з выкарыстаннем біяметрычных даных карыстальніка і ўнікальнага ідэнтыфікатара.
