Тры вобласці атрымаюць 200 млн рублёў на закупку тэхнікі для аграпрадпрыемстваў у 2026 годзе. Сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны ўказ №446 ад 21 снежня, якім замацавана адпаведнае рашэнне.
Грошы будуць прадастаўленыя за кошт астаткаў сродкаў мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця, якія ўтварыліся на 1 студзеня. Яны будуць перададзеныя ў кансалідаваныя бюджэты абласцей, якія ў далейшым прадаставяць бюджэтныя пазыкі або трансферты суб’ектам, што ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аграпрамысловай вытворчасці.
Грошы будуць размеркаваныя наступным чынам:
- Віцебская вобласць атрымае 73,9 млн рублёў,
- Гомельская — 67,2 млн рублёў,
- Магілёўская — 58,9 млн рублёў.
Пералік суб’ектаў АПК, якія стануць атрымальнікамі сродкаў, вызначыць Савет Міністраў.
Суб’екты АПК будуць вяртаць бюджэтныя пазыкі, пачынаючы з другога квартала 2028 года да канца 2033 года. Вяртанне будзе адбывацца штоквартальна роўнымі часткамі з выплатай працэнтаў у памеры 1% гадавых.
Персанальная адказнасць за абгрунтаванасць унесеных прапаноў і мэтавае выкарыстанне сродкаў ускладзена на старшыняў аблвыканкамаў.
Старшыні райвыканкамаў і кіраўнікі суб’ектаў АПК будуць несці персанальную адказнасць за замацаванне механізатарскіх кадраў, тэхнікі і абсталявання і іх эфектыўнае выкарыстанне.
Атрымальнікі бюджэтных грошай змогуць закупляць абсталяванне і тэхніку з ужываннем працэдуры закупкі з адной крыніцы ў наступных прадпрыемстваў:
- ААТ «Гомсельмаш»,
- ААТ «ГЗЛіН»,
- ААТ «МТЗ»,
- ААТ «Кіраўнічая кампанія холдынгу «Бабруйскаграмаш» і арганізацый, якія ўваходзяць у склад холдынгу «Бабруйскаграмаш»,
- ААТ «АМКОДОР» — кіраўнічая кампанія холдынгу» і арганізацый, якія ўваходзяць у склад холдынгу «АМКОДОР»,
- СААТ «Элезер»,
- ААТ «Лідааграпраммаш»,
- ААТ «Кіраўнічая кампанія холдынгу «Лідсельмаш»,
- ТАА «Амкодор-Можа»,
- ААТ «МАЗ» — кіраўнічая кампанія холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ»,
- ТАА «Поліэфір АГРО»,
- ААТ «Кіраўнічая кампанія холдынгу «Гомельагракамплект»,
- ААТ «Дзятлаўская сельгастэхніка».