Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская правяла брыфінг для паслоў і дыпламатаў 29 краін. Сустрэча прайшла 16 чэрвеня ў пасольстве Італіі ў Польшчы, паведамляе Офіс Ціханоўскай.
На мерапрыемстве прысутнічалі паслы і дыпламаты Аўстраліі, Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, ЗША, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Мальты, Нарвегіі, Новай Зеландыі, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Швецыі і Японіі. У брыфінгу таксама прынялі ўдзел намеснік кіраўніцы АПК Павел Латушка, дарадцы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі і Франак Вячорка.
Ціханоўская расказала дыпламатам пра планы беларускіх дэмсіл, намаганні па вызваленні палітвязняў, санкцыі, падтрымку незалежных СМІ.
Сярод ключавых тэм абмеркавання былі магчымыя крокі па вызваленні палітвязняў, вынікі нядаўняга візіту Ціханоўскай ва Украіну і перспектывы беларуска-ўкраінскага супрацоўніцтва. Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі захаванне міжнароднага ціску на ўлады Беларусі, пытанні прыцягнення прадстаўнікоў рэжыму да адказнасці праз міжнародныя судовыя механізмы і падтрымку беларускіх культурных і грамадскіх ініцыятыў.
Асобная ўвага была нададзена праблемам беларусаў за мяжой, уключаючы пытанні легалізацыі, выдачы шэнгенскіх віз і стварэння праграм мабільнасці. Акрамя таго, абмяркоўваліся магчымыя сцэнары палітычных змен у краіне і падрыхтоўка да «паслялукашэнкаўскай» Беларусі.
«Так, сітуацыя можа выглядаць цяжкай, але яна не безнадзейная. І я застаюся аптымісткай. Цяпер нам трэба надаць новы імпульс, умацаваць нашыя магчымасці і падрыхтавацца да новых магчымасцяў, якія могуць узнікнуць тады, калі іх ніхто не чакае. І я ведаю, што на гэтым шляху мы не самотныя. У нас ёсць саюзнікі. У нас ёсць вы. Мы ёсць адно ў аднаго. І разам мы ўсё пераадолеем», — заявіла Ціханоўская.
