Трамп разглядае выхад ЗША з НАТА

Навіны
Дональд Трамп. Official White House Photo by Daniel Torok

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў НАТА «папяровым тыграм» і заявіў, што разглядае магчымасць выхаду ЗША з альянсу пасля таго, як саюзнікі адмовіліся далучыцца да вайны ў Іране. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю брытанскаму выданню The Telegraph 1 красавіка.

На пытанне, ці перагледзіць ён сяброўства ЗША ў НАТА пасля заканчэння вайны ў Іране, Трамп адказаў: «О так, я сказаў бы, што гэта не падлягае абмеркаванню. Мяне ніколі не ўражвала НАТА. Я заўсёды ведаў, што гэта папяровы тыгр. І Пуцін, дарэчы, таксама гэта ведае».

Паводле слоў Трампа, ён лічыў, што краіны НАТА павінны аўтаматычна ўдзельнічаць у дэблакадзе Армузскага праліва, гэтак жа як ЗША дапамагалі Украіне.

«Я не праводзіў вялікай агітацыі. Я проста сказаў: “Эй”, ведаеце, я не надта настойваў. Я проста лічу, што гэта павінна адбывацца аўтаматычна.

Мы заўсёды ўдзельнічалі аўтаматычна, уключаючы Украіну. Украіна не была нашай праблемай. Гэта быў тэст, і мы былі побач з імі, і заўсёды былі б побач. А яны не былі побач з намі», — растлумачыў прэзідэнт ЗША.

Трамп таксама папракнуў Вялікабрытанію за адмову далучыцца да вайны супраць Ірана і заявіў, што ў краіны няма флоту, а авіяносцы — занадта старыя.

Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа заявіў учора, што ЗША перагледзяць свае адносіны з НАТА пасля заканчэння вайны з Іранам.

«Калі нам трэба, каб яны дазволілі нам выкарыстоўваць іх ваенныя базы, іх адказ — «не»? Тады навошта мы ў НАТА?» — заявіў Рубіа.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.