Пяць еўрапейскіх краін выявілі ў біяматэрыялах расійскага апазіцыйнага палітыка Аляксея Навальнага сляды звыштаксічнага яду эпібатыдзіну. Пра гэта піша The Insider са спасылкай на вынікі незалежных лабараторных даследаванняў.
Паводле звестак рэсурсу, узоры біяматэрыялаў былі вывезены сям’ёй пасля гібелі палітыка і прааналізаваны ў Вялікабрытаніі, Швецыі, Францыі, Германіі і Нідэрландах. Некалькі незалежных лабараторый выявілі ў сэмплах эпібатыдзін — высокатаксічны алкалоід, які атрымліваюць са скуры паўднёваамерыканскай жабы-дрэвалаза Epipedobates tricolor. Прадстаўнікі пяці краін маюць намер выступіць з сумеснай заявай на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, гаворыцца ў матэрыяле.
Урач-рэаніматолаг Аляксандр Палупан, які раней удзельнічаў у лячэнні Навальнага пасля атручвання «Навічком», заявіў, што апублікаваныя даныя пра сімптомы палітыка супадаюць з вядомымі эфектамі эпібатыдзіну. Паводле яго слоў, на ранняй стадыі магчымыя тахікардыя, гіпертэнзія, ваніты, міякланія і сутаргі, якія затым змяняюцца брадыкардыяй, гіпатэнзіяй і прыгнётам дыхання. Клінічная карціна часткова нагадвае атручванне фосфарарганічнымі злучэннямі, аднак з менш выяўленым М-халінергічным кампанентам, пры гэтым атрапін практычна неэфектыўны.
Як менавіта ўзоры былі вывезены з Расіі, не ўдакладняецца. The Insider адзначае, што вынікі экспертызы пацвярджаюць высновы расследавання выдання 2024 года пра тое, што Аляксей Навальны быў атручаны ў калоніі.
Інфармацыю выдання пракаментавала жонка памерлага палітыка Юлія Навальная, якая раней заяўляла пра атручванне.
“Я была ўпэўненая, што майго мужа атруцілі, з першага дня, але цяпер гэтаму ёсць доказы: Пуцін забіў Аляксея хімічнай зброяй. Я ўдзячная еўрапейскім дзяржавам за карпатлівую працу, якую яны вялі два гады, і за раскрыццё праўды. Уладзімір Пуцін – забойца. Ён павінен панесці пакаранне за ўсе свае злачынствы”, – напісала яна ў X.
Эпібатыдзін быў адкрыты ў 1974 годзе амерыканскім хімікам Джонам Дэйлі, а яго структура канчаткова ўстаноўлена ў 1992 годзе. Рэчыва ўздзейнічае на нікацінавыя і мускарынавыя ацэтылхаліновыя рэцэптары, якія ўдзельнічаюць у перадачы нервовых імпульсаў. Яно выклікае здранцвенне, хутка прагрэсуючы параліч, сутаргі, страту прытомнасці і пры высокіх дозах — спыненне дыхання.
Аляксей Навальны памёр у калоніі ў Харпе 16 лютага 2024 года. Афіцыйнай прычынай яго смерці назвалі арытмію. Згодна з расійскім Следчым камітэтам, 16 лютага ў 12:10 Навальнага вывелі з ШІЗА на прагулку, там яму стала дрэнна. Яго адвялі з прагулкі і праз некаторы час выклікалі хуткую. Прыбыўшая брыгада хуткай канстатавала смерць у 14:17.
