Сырскі: Пуцін паставіў задачу пралічыць варыянты наступлення з тэрыторыі Беларусі

Галоўнае
Александр Сырский. Скриншот видео

Расія разглядае некалькі варыянтаў наступальных дзеянняў, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, заявіў у інтэрв’ю ТСН галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.

«Мы ведаем, што Пуцін паставіў задачу расійскаму генеральнаму штабу пралічыць розныя варыянты наступальнай аперацыі, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, з мэтай захопу Кіева, з мэтай захопу іншых тэрыторый. Расійскі генштаб пралічыў некалькі варыянтаў дзеянняў.

Наколькі яны рэалістычныя, улічваючы апошнія падзеі, я не думаю, што кіраўніцтва Беларусі вырашыцца выкарыстоўваць уласную тэрыторыю, даваць яе агрэсару для выкарыстання ў якасці плацдарма для правядзення наступальнай аперацыі», — заявіў Сырскі.

Ён адзначыў, што Украіна пралічвае варыянт наступлення з тэрыторыі Беларусі, але найбольш верагодным лічыць наступленне на Чарнігаўскую вобласць з Бранскай вобласці Расіі.

Сырскі заявіў, што беларускі напрамак лічыцца складаным для наступальнай аперацыі з-за абмежаванай колькасці дарог і балоцістай мясцовасці, якая не падыходзіць для цяжкай тэхнікі. Таксама на Чарнобыльскім напрамку знішчаны ўсе масты, па якіх было магчыма перамяшчэнне тэхнікі.

Сырскі звярнуў увагу, што вялікая колькасць лясоў на беларускім напрамку стварае спрыяльныя ўмовы для дзеянняў дыверсійных груп і сіл спецыяльных аперацый.

«Мы гэта таксама ўлічваем», — сказаў ён.

Галоўнакамандуючы УСУ адзначыў, што цяпер канцэнтрацыі беларускіх войскаў на ўкраінскай мяжы не назіраецца.

Сырскі таксама падзяліўся сваім меркаваннем пра нядаўнія перамовы Лукашэнкі і Пуціна на Валдаі.

«Думаю, яны абмяркоўваюць няпростую сітуацыю, якая склалася, пытанне, напэўна, забеспячэння расійскай групоўкі, у першую чаргу, рознымі відамі паліва і матэрыяльнымі сродкамі. Бо мы ведаем, што на тэрыторыі Беларусі каля сотні прадпрыемстваў працуюць на ваенную эканоміку РФ у розных формах — прамыя пастаўкі, камплектуючыя. Таму, думаю, ім ёсць што абмяркоўваць у сённяшніх умовах», — сказаў Сырскі.

Галоўнакамандуючы УСУ таксама заявіў, што Беларусь нядаўна ўключала адзін рэтранслятар для расійскіх дронаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.