Палітвязень Мікалай Статкевіч апынуўся дома 19 лютага без дакументаў. Яго статус застаецца незразумелым. Пра гэта ў інтэрв’ю LRT расказала жонка палітыка Марына Адамовіч.
«Мікалай апынуўся дома ўвечары 19 лютага. Без пашпарта, без якіх-небудзь дакументаў, без эпікрызу ці якой-небудзь выпіскі з медыцынскіх дакументаў, без разумення статусу. Гэта стварае вялікія праблемы для аператыўнага аказання медыцынскай дапамогі. Магу толькі сказаць, што сёння ён выглядае і адчувае сябе лепш, чым у той момант, калі я ўбачыла яго ў турэмнай бальніцы ўпершыню за 3 гады і амаль 8 месяцаў», — сказала яна.
Раней паведамлялася, што Мікалай Статкевіч перанёс у зняволенні інфаркт мозгу. Ён быў шпіталізаваны.
«Інсульт, а дакладней інфаркт мозгу, адбыўся 21 студзеня. Паводле слоў Мікалая, у той жа вечар яго прывезлі ў Мінск, у бальніцу. Мікалай вельмі ўдзячны ўрачам за прафесіяналізм. Сёння большасць функцый арганізма адноўлены», — дадала Адамовіч.
Яна таксама расказала літоўскаму тэлеканалу, што, паводле слоў самога Мікалая Статкевіча, пасля вяртання ў калонію ў мінулым годзе яму перасталі выдаваць неабходныя лекі, альбо замянялі іх малаэфектыўнымі прэпаратамі.
“Напрыклад, замест “Рывароксабана” (Ксарэлта) выдавалі звычайны аспірын. Рабіце высновы самі. Увесь гэты час я шукала яго, у тым ліку для таго, каб ён не заставаўся без неабходных лекаў, якія я адпраўляла ў калонію», — сказала яна.
«Сёння ў нас няма нічога, на што можна абаперціся: ні разумення прававога статусу і магчымасці выехаць на рэабілітацыю, ні медыцынскіх дакументаў, ні нават пашпарта. Таму зараз гэта дом, спакой, прагулкі, якасная ежа і самыя неабходныя лекі па парадзе ўрача, які яго лячыў», — паўтарыла яна.
Паводле яе слоў, у Мікалая Статкевіча парушаная мова, зносіны пакуль даюцца з цяжкасцю. Яна таксама расказала, што пра вызваленне мужа даведалася раптоўна.
«Роўна за пяць хвілін да таго, як гэта адбылося, калі начальнік турэмнай бальніцы сказаў, што калі я хачу, то магу забраць Мікалая дадому, каб ён працягваў аднаўляцца ў хатніх умовах. Я спытала: „Што для гэтага ад мяне трэба?“ Аказалася, што — заява на імя начальніка бальніцы з просьбай „вызваліць для рэабілітацыі ў хатніх умовах“.
Вось так усё проста. Забраць мужа з турэмнай бальніцы, рэжымнага аб’екта, можна па заяве на імя галоўнага ўрача, дакладней — начальніка бальніцы. Зрэшты, я ўжо знаёмая з афіцыйнай версіяй яго вызвалення», — сказала яна.
На мінулым тыдні прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што была ўхвалена просьба сваякоў адпусціць Статкевіча, каб можна было даглядаць за ім дома.
