Беларуска Іна Кардаш, затрыманая ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы, працавала ў Каардынацыйным цэнтры па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, а справа ў дачыненні да яе была распачата ў ліпені 2025 года. Падрабязнасці даведалася «Радыё Свабода».
Згодна з матэрыяламі следства, Кардаш супрацоўнічала з КДБ з 2019 года. Кантакты з КДБ яна падтрымлівала праз грамадзяніна Беларусі, які «свядома для яе ажыццяўляў канфідэнцыйнае супрацоўніцтва са спецслужбамі Беларусі». Беларус, з якім Кардаш размаўляла не пазней за 6 верасня 2025 года, прапанаваў ёй выехаць у Будапешт па інструкцыі.
Кардаш прыехала ў Будапешт 16 верасня, купіла там новы мабільны тэлефон, на які, як сцвярджае следства, усталявала «прыкладанне для зашыфраваных канфідэнцыйных размоў». Яна патэлефанавала беларусу, а той падключыў да размовы супрацоўніка КДБ. Падчас гэтай размовы Кардаш атрымала заданне ўладкавацца ў Каардынацыйны цэнтр пры Галоўным упраўленні разведкі Мінабароны Украіны.
На працу ў Цэнтр яе ўзялі ў лістападзе 2025 года. Згодна з матэрыяламі справы, прынамсі з 21 лістапада па 19 снежня яна «сістэмна збірала службовую інфармацыю» — фатаграфавала дакументы і запісвала размовы супрацоўнікаў. Гэтыя даныя яна перадавала ў Беларусь. Як раней паведамляла СБУ, вакол Кардаш цыркулявала кантраляваная інфармацыя.
Таксама вядома, што справу ў дачыненні да Кардаш узбудзілі 16 ліпеня 2025 года. Да гэтага моманту за ёй вялося негалоснае назіранне. Падазрэнне ў шпіянажы на карысць КДБ ёй уручылі ў дзень затрымання — 21 студзеня 2026 года. Па рашэнні суда Кардаш арыштаваная да 20 сакавіка.
Паводле матэрыялаў справы, Кардаш была ў зарэгістраваным шлюбе. На момант арышту яна значылася ваеннаслужачай у званні салдата.
Нагадаем, СБУ і ГУР паведамілі аб затрыманні Кардаш 27 студзеня. СБУ заяўляла, што яна супрацоўнічала з КДБ з 2015 года. Пэўны час дзяўчына працавала як уласны карэспандэнт тэлеканала Медведчука «112» у краінах СНД.
У 2020 годзе беларускія спецслужбы накіравалі Кардаш працаваць ва Украіну. У яе заданне ўваходзіў збор інфармацыі пра беларусаў і расіян, якія дапамагаюць Украіне. Таксама яна павінна была ўсталяваць кантакты з супрацоўнікамі пасольства Кітая ва Украіне, каб збіраць разведвальныя даныя пра дзейнасць кітайскіх дыпламатаў ва Украіне.
