СБУ назвала прозвішчы расійскіх вайскоўцаў, адказных за ўдар у Жытомірскай вобласці, у выніку якога загінулі беларусы

Галоўнае
Источник: СБУ

Служба бяспекі Украіны завочна прад’явіла абвінавачанні расійскім вайскоўцам, якія камандавалі авіяўдарам па Жытомірскай вобласці Украіны 9–10 сакавіка 2022 года, падчас якога загінулі двое беларускіх дальнабойшчыкаў.

Як устанавіла СБУ, рашэнне аб удары па грамадзянскіх аб’ектах горада Карасцень прынялі генерал-палкоўнік Аляксандр Чайка, на той момант камандуючы войскамі Усходняй ваеннай акругі РФ, і генерал-лейтэнант Уладзімір Краўчанка, камандуючы авіяцыйнай групоўкай аператыўнай групоўкі войскаў РФ «Усход».

«Устаноўлена, што паводле загаду расійскіх генералаў іх падначаленыя нанеслі па Карасцені ўдар як мінімум 12 фугаснымі і аскепкава-фугаснымі авіябомбамі, вырабленымі на прадпрыемствах расійскага «Навукова-вытворчага аб’яднання “Базальт”». Для атакі на ўкраінскі горад расійскія вайскоўцы паднялі ў паветра два бамбардзіроўшчыкі», — паведамляе СБУ.

Чайку і Краўчанку прад’яўлены падазрэнні паводле артыкулаў аб парушэнні законаў і звычаяў вайны, прадугледжаных міжнароднымі дагаворамі, спалучаным з наўмысным забойствам, учыненым па папярэдняй змове групай асоб.

Нагадаем, двое беларускіх дальнабойшчыкаў знаходзіліся на тэрыторыі былога малаказавода падчас абстрэлу. Абодва загінулі. Кіраўнік Карасценя Уладзімір Маскаленка тады заявіў, што горад абстрэльвалі самалёты, якія вылецелі з тэрыторыі Беларусі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.