Служба бяспекі Украіны кваліфікавала расійскі ўдар па будынку Цэнтралізаванага сховішча адпрацаванага ядзернага паліва, размешчанага ў раёне Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, як ваеннае злачынства.
Як паведамілі ў СБУ, па гэтым факце адкрыта крымінальная вытворчасць паводле часткі 1 артыкула 438 Крымінальнага кодэкса Украіны («Парушэнне законаў і звычаяў вайны»).
Паводле даных следча-аператыўнай групы ведамства, удар быў нанесены беспілотным лятальным апаратам тыпу «Герань-2» каля 02:05 7 чэрвеня. На месцы здарэння ўжо выяўлены асобныя элементы дрона.
У выніку выбуху пашкоджанні атрымалі будынкі прыёму і перагрузкі адпрацаванага ядзернага паліва, а таксама адміністрацыйны корпус Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ).
У СБУ адзначылі, што атака не паўплывала на вытворчыя працэсы сховішча. Паводле даных ведамства, радыяцыйны фон застаецца ў межах нормы, загінулых і пацярпелых няма.
Следчыя СБУ пад працэсуальным кіраўніцтвам Кіеўскай абласной пракуратуры праводзяць комплекс мерапрыемстваў для ўстанаўлення і прыцягнення да адказнасці асоб, датычных да атакі.


