Міністэрства інфармацыі абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод іншага, у яго ўключылі сайты Reform.news, «Голасу Амерыкі», а таксама дзясяткі старонак у сацыяльных сетках.
У сакавіку 2024 года ведамства ўносіла ў пералік «інфармацыйную прадукцыю, размешчаную на інтэрнэт-сайце «Reformation» (Рэфармацыя), які мае ідэнтыфікатар https://www.reform.by», а ў жніўні мінулага года – на сайце “Reform.news”, які мае ідэнтыфікатар “https://www.reformby.org”. Цяпер гаворка ідзе пра “сайт з назвай “Reformation” з ідэнтыфікатарам “https://reform.news”. Адпаведнае рашэнне прыняў 30 сакавіка 2026 года суд Ленінскага раёна Магілёва.
Таксама ў абноўлены спіс трапілі:
- сайт belinstitute.com;
- Telegram-канал «Disident»;
- старонкі ў Instagram: «DAR – białoruska inicjatywa Aktywiści podwórkowi za granicą», «svaboda_dumki», «denis4belarus»;
- старонка ВКонтакте «ДысКУТ»;
- старонкі ў Одноклассниках «Андрэй Голуб», «Царэў Кароль»;
- старонкі ў Facebook: «Таварыства беларускай мовы iмя Ф.Скарыны. ЛIДА», «Dzimitriy Pimenau», «Руслан Хазін», «Andrei Sannikov», «Ілля Туркоў», «Aleh Baradzin», «Алена Лагавая», «Аляксандр Кныровіч», «BELARUS POST USSR & WORLD», «БНР 106 Дзень Волi 2024», «Tatsiana Koktysh», «Размова дня»;
- старонкі ў Threads: «volyapavuk», «Buben Alexander», «Dzmitryj Spirydau», «adrenalintit», «andruwkevi4»;
- старонкі ў TikTok: «Lukashenko_Pogoda», «vovaboiko127», «Natalia», «Adidas_2», «tolko_news», «АВАНТЮРИСТ.ВY», «Новости Витебска и области», «Antipol», «НОВОСТИ ТРЕТИЙ РЕГИОН».
Акрамя таго, у пералік унеслі старонкі чарговых міжнародных праваабарончых арганізацый. Суд Горацкага раёна 31 сакавіка прызнаў “экстрэмісцкай” старонку «FIDH — International Federation for Human Rights» у Instagram. 27 сакавіка суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёна прызнаў “экстрэмісцкай” старонку «LIBERECO — Partnership for Human Rights» у Threads.
Нагадаем, беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.
