Rzeczpospolitа назвала магчымыя ўмовы Мінска для вызвалення Пачобута

Галоўнае
Анджей Почобут. Фото: Reform.by

Польская газета Rzeczpospolitа назвала магчымыя ўмовы, якія ў Мінску выстаўляюць Варшаве для вызвалення палітвязня Анджэя Пачобута.

Некалькі не звязаных паміж сабой суразмоўцаў выдання пацвердзілі, што прозвішча Пачобута было ў спісах палітвязняў, аб вызваленні якіх прасілі амерыканцы.

“І кожны раз беларускі бок выкрэсліваў яго прозвішча. У Мінску кажуць, што гэта “іншая справа”, якая павінна быць вырашана ў рамках перамоваў Беларусі і Польшчы”, – прыводзяцца ў артыкуле словы аднаго з суразмоўцаў, які ўцягнуты ў працэс вызвалення беларускіх палітвязняў.

Як піша выданне, польскі бок з моманту затрымання Пачобута ў Беларусі прадпрымаў намаганні для яго вызвалення. У прыватнасці, паводле інфармацыі Rzeczpospolitа, пытанне падымалася падчас візіту папярэдняга прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды ў Кітай. З намаганнямі па вызваленні Пачобута выданне таксама звязвае адкрыццё польскім урадам двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Яшчэ адным сігналам Мінску стаў “ціхі” пераезд у Варшаву Святланы Ціханоўскай, каб не “раздражняць дыктатара”.

“Добра інфармаваны суразмоўца” распавёў газеце, што адной з умоў Мінска з’яўляецца аднаўленне палітычнага дыялогу.

“Чакаюць візіту польскага палітыка ў Мінск у рангу не ніжэй за намесніка міністра і разлічваюць на аднаўленне палітычных кантактаў. Пачобут сёння з’яўляецца закладнікам дыктатара. Але нават такі візіт не гарантаваў бы поспеху. Сітуацыя вельмі цяжкая, бо працягваецца вайна, і Беларусь прымае ў ёй удзел на баку Расіі”, – цытуе газета суразмоўцу.

Як піша Rzeczpospolitа, гэта ж пацвердзіў “звязаны з рэжымам Лукашэнкі” суразмоўца: у Мінску разлічваюць на такі візіт, а вызваленне Почобута будзе залежаць ад палітычнага дыялогу. Трэба адзначыць, што прапагандыст Юрый Васкрасенскі ўжо неаднаразова публічна казаў, што Пачобута маглі б адпусціць, калі б за ім прыехаў асабіста міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

Яшчэ адзін “добра арыентаваны” суразмоўца выдання сцвярджае, што бачыць “святло ў канцы тунэля”.

“Спадзяёмся, што гэта не цягнік, які набліжаецца, а выхад з гэтага тунэля”, – прыводзяцца яго словы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.