Літоўскія памежнікі 6 лютага перахапілі сем грузаў паветранай кантрабанды і затрымалі двух падазраваных. Гэта самая вялікая колькасць выяўленых выпадкаў перахопленай кантрабанды за адны суткі з пачатку 2026 года, піша Delfi.
Як паведамілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, кантрабанда была выяўленая ў Варэнскім і Лаздыйскім раёнах, а таксама ў Друскінінкайскім муніцыпалітэце. Да метэазондаў, як і ў папярэдніх выпадках, былі прымацаваныя GPS-датчыкі. Усяго за суткі канфіскавана 12 700 пачак цыгарэт. Пачата расследаванне.
Адзін з грузаў быў знойдзены на тэрыторыі Чэпкяляйскага дзяржаўнага прыроднага рэзервата ў Варэнскім раёне. Каб дабрацца да месца, памежнікам давялося прайсці каля трох кіламетраў па сумётах. На трох злучаных паміж сабой метэазондах было дастаўлена 3500 пачак цыгарэт.
Паводле даных Службы аховы дзяржаўнай мяжы, з пачатку 2026 года ў Літве перахоплена 40 грузаў паветранай кантрабанды — усяго 108 000 пачак цыгарэт. За гэты перыяд затрыманыя 23 падазраваныя.
У 2025 годзе літоўскія памежнікі затрымалі 171 падазраванага, усяго тады было перахоплена 635 метэазондаў з кантрабандай. Для параўнання: у 2024 годзе было зафіксавана 226 такіх выпадкаў, у 2023 годзе — тры, а ў 2022 годзе выпадкаў паветранай кантрабанды не выяўлялася.
