Паветраныя сілы УСУ падвялі вынікі масіраванага расійскага налёту гэтай ноччу. Усяго РФ выпусціла 570 сродкаў паражэння. Асноўным напрамкам удару быў Кіеў.
«Асаблівасць масіраванай атакі — адначасовае прымяненне сродкаў паветранага нападу розных тыпаў з розных напрамкаў, прымяненне вялікай колькасці балістыкі і рэактыўных БПЛА», — адзначылі ва УСУ.
РФ выпусціла па Украіне 74 ракеты і 496 беспілотнікаў, у тым ліку 4 ракеты «Цыркон», 24 балістычныя ракеты «Іскандэр-М»/С-400, 34 крылатыя ракеты Х-101, 8 крылатых ракет «Калібр» і 4 ракеты Х-59/69.
Украінскай СПА ўдалося збіць і падавіць 524 цэлі, у тым ліку 48 ракет і 476 беспілотнікаў. Сярод збітых — ракеты ўсіх тыпаў, за выключэннем «Цырконаў».
Зафіксаваныя трапленні 25 балістычных ракет і 12 беспілотнікаў у 33 лакацыях, а таксама падзенне абломкаў яшчэ ў 18 лакацыях.
Як паведамлялася раней, у Кіеве адзначаныя пашкоджанні і частковыя разбурэнні шматкватэрных жылых дамоў ва ўсіх раёнах.
Вядома ўжо пра 13 загінулых у Кіеве і 56 пацярпелых. Аварыйна-выратавальныя работы працягваюцца.