Продажы беларускага бензіну на Пецярбургскай біржы выраслі ў 26 разоў

Навіны
Фото: Reform.by

У маі на Пецярбургскай біржы было прададзена 23,64 тыс. т беларускага бензіну, паведамляе ТАСС са спасылкай на Нацыянальнае біржавое агенцтва. Аб’ёмы рэалізацыі выраслі ў 26 разоў у параўнанні з аналагічным месяцам 2025 года. Летась у маі на біржы было прададзена ўсяго 0,9 тыс. т бензіну з беларускіх НПЗ.

У параўнанні з красавіком гэтага года рэалізацыя беларускага паліва праз біржу вырасла на 16,6%, або на 3,36 тыс. т.

Продажы беларускага дызельнага паліва таксама выраслі, але не так значна. Яны павялічыліся ў тры разы і дасягнулі 49,86 тыс. т. У параўнанні з красавіком гэтага года рэалізацыя вырасла ў 3,3 раза.

Адзначаецца, што максімальныя месячныя продажы беларускага бензіну летась складалі 35–37 тыс. т. Яны назіраліся ў кастрычніку—снежні.

Рост попыту на беларускі бензін адбываецца на фоне атак на расійскія НПЗ, а таксама сезоннага павелічэння спажывання паліва.

Як адзначалі ў «Коммерсанте» на мінулым тыдні, пакупнікі цікавяцца імпартным палівам з улікам «фактычнай наяўнасці рэсурсу і тэрмінаў пастаўкі на месцы». Таксама беларускае паліва прадаецца даражэй за расійскае, аднак гэта звязана найперш з цэнавымі абмежаваннямі для вытворцаў з РФ. Калі б іх не было, біржавая цана расійскай прадукцыі параўнялася б з беларускай.

Учора стала вядома, што ўрад РФ абмяркоўвае павелічэнне паставак паліва з Беларусі для насычэння ўнутранага расійскага рынку. Віцэ-прэм’ер Расіі Аляксандр Новак даручыў профільным ведамствам правесці кансультацыі з беларускім бокам наконт павелічэння паставак бензіну.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.