Польшча адмовілася зняць санкцыі з кампаніі World Chem Trading CO. L.L.C. з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Юрыдычная асоба зарэгістраваная ў Дубаі. Яны былі ўведзеныя ў 2024 годзе.
Падставай для ўвядзення санкцый сталі пастаўкі праз World Chem Trading прадукцыі “Гродна Азота”. Усяго ў 2021–2024 гадах кампанія фігуравала ў 38 мытных дэкларацыях і была ўказаная як экспарцёр з Беларусі ў Польшчу мачавіны і КАС.
У лістападзе гэтага года кампанія звярнулася да міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы з хадайніцтвам аб выключэнні яе з санкцыйнага спісу. У якасці аргумента прыводзілася тое, што World Chem Trading спыніла дзейнасць, якая выклікала падазрэнні польскіх уладаў. Акрамя таго, кампанія аспрэчвала доказы, прадстаўленыя мытнай службай. Кампанія таксама аспрэчвала ўключэнне яе ў санкцыйныя спісы ў польскім судзе, які адхіліў яе позву ў жніўні гэтага года.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі прыняў рашэнне не выключаць кампанію са спісу, прымаючы пад увагу рашэнне суда, а таксама той факт, што World Chem Trading звязаная з іншымі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, санкцыі супраць якіх былі ўведзеныя за ўдзел у абыходзе абмежаванняў у дачыненні да “Гродна Азота”.