23 красавіка памёр мовазнаўца Уладзімір Куліковіч, паведаміла ў фэйсбуку рэдакцыя часопіса «Роднае слова». Яму было 59 гадоў.
Яго імя добра вядома філалагічнай супольнасці, для педагогаў краіны ён застанецца нястомным папулярызатарам алімпіяднагага руху, чыя асветніцкая праца і плён практычных выданняў яшчэ доўга будуць узорнымі.
Уладзімір Куліковіч нарадзіўся ў 1967 годзе ў Ашмянскім раёне, скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, потым аспірантуру. Выкладаў у Ліцэі БДУ, быў дацэнтам кафедры сучаснай беларускай мовы БДУ, рэдактарам часопіса «Роднае слова». Апошнія гады жыцця — дацэнт, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій БДТУ.
Уладзімір Куліковіч — аўтар манаграфіі пра Уладзіміра Дубоўку як мовазнаўцу «Тэарэтычныя і практычныя праблемы беларускай мовы ў працах У. Дубоўкі», удзельнік белсатаўскай праграмы «Моўнік», вёў папулярныя цыклы пра беларускія словы ў СМІ.
Напрыклад, сёлета паспелі ўбачыць свет дзве публікацыі ў часопісе «Роднае слова» з яго аўтарскага цыкла «Міфы і рэальнасць беларускай арфаграфіі», што друкаваўся ўвесь мінулы год.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
