У пасёлку Бобр Крупскага раёна затрыманы 17-гадовы мясцовы жыхар, якога падазраюць у серыі падпалаў, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
У маі ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях паступілі паведамленні пра пажары ў некалькіх будынках. Агонь пашкодзіў гаспадарчыя пабудовы і жылы дом. Ва ўсіх выпадках ачаг узгарання знаходзіўся з вонкавага боку будынкаў, што ўказвала на падпал.
На допыце затрыманы падлетак цалкам прызнаў віну і расказаў, што падпальваў будынкі ад нуды, бо хацеў паглядзець на работу пажарных.
Устаноўлена, што хлопец стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Са снежня мінулага года яго сям’я прызнана такой, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, паколькі падлетак “злоўжывае спіртнымі напоямі, курыць і раней неаднаразова трапляў у поле зроку супрацоўнікаў міліцыі”. Раней у дачыненні да яго была ўзбуджаная крымінальная справа аб хуліганстве. Тады ён пашкодзіў дах крамы.
Следчыя кваліфікавалі дзеянні падлетка як наўмыснае пашкоджанне маёмасці агульнанебяспечным спосабам і хуліганства, аб’яднаўшы абедзве справы ў адну вытворчасць. Ён узяты пад варту.
Крымінальную справу расследуе Крупскі раённы аддзел СК.



