Падчас абмену палоннымі паміж Украінай і РФ быў вызвалены беларускі вайсковец Генадзь Шчэрбань

Галоўнае
Геннадий Щербань с дочерью Натальей Петрович. Архивное фото

Падчас абмену палоннымі, які Украіна і Расія правялі 5 лютага, быў вызвалены беларускі вайсковец Генадзь Шчэрбань. Пра гэта ў сацыяльных сетках напісала яго дачка Наталля Пятровіч. На яе допіс звярнула ўвагу «Радыё Свабода».

Генадзь правёў у расійскім палоне амаль чатыры гады.

“Учора быў найлепшы дзень для ўсёй нашай сям’і! Тату вызвалілі! Гэты дзень настаў, у Мішын дзень нараджэння. Я ўвесь дзень баялася, што гэта сон і я зараз прачнуся, але гэта ўсё па-сапраўднаму! Я шчаслівая! Цяпер я па-сапраўднаму шчаслівая! Дзякуй усім, хто чакаў разам з намі”,напісала яна ў Instagram.

Генадзю Шчэрбаню 57 гадоў. Ён этнічны ўкраінец. На пачатку 1990-х гадоў яго як вайскоўца перавялі служыць у Беларусь — у Брэсцкую, затым у Гродзенскую вобласць. У 2000 годзе Шчэрбань пайшоў у адстаўку ў званні маёра. У 2017-м разам з жонкай зноў з’ехаў жыць ва Украіну — у Гастомель пад Кіевам. Шчэрбань — грамадзянін Беларусі, ва Украіне мае пастаянны від на жыхарства.

Апошні раз перад палонам Генадзь Шчэрбань выходзіў на сувязь 16 сакавіка 2022 года. Прыгарад Кіева ўжо быў акупаваны расійскімі войскамі. У Гастомелі заставаліся трое жыхароў. Шчэрбань застаўся ў пасёлку, каб прыгледзець за хворай пажылой суседкай. 16 сакавіка ён пайшоў карміць жывёлу і не вярнуўся дадому. Пазней вызваленыя з палону ўкраінцы распавялі сваякам, што Генадзь Шчэрбань знаходзіцца ў палоне.

Нагадаем, чарговы абмен палоннымі паміж Украінай і Расіяй адбыўся 5 лютага. Ён прайшоў у фармаце 157 на 157. У Беларусі сцвярджаюць, што расійскія вайскоўцы былі перададзены ўкраінскім бокам «у рамках жэсту ў адказ» на «памілаванне» 31 грамадзяніна Украіны, якія вярнуліся з беларускіх турмаў у лістападзе мінулага года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны