Палітвязень журналіст Анджэй Пачобут удастоены прэміі Анджэя Вайды. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў пятніцу ў Кракаве, падчас інаўгурацыі Года Анджэя Вайды ў дзень 100-годдзя польскага кінарэжысёра, звярнула ўвагу БАЖ.
Паводле рашэння Сената Польшчы, Вайда быў прызначаны апекуном 2026 года.
Прэмію ўручыла кіраўніца верхняй палаты польскага парламента Малгажата Кідава-Блоньска.
«Падчас цырымоніі Малгажата Кідава-Блоньска ўручыла прэміі імя Анджэя Вайды Дануце Валенсе (жонка былога прэзідэнта Польшчы Леха Валенсы — заўв.) і Анджэю Пачобуту. Яны атрымалі ўзнагароды за сваю працу ў духу грамадскай салідарнасці, дыялогу і клопату пра супольнасць — каштоўнасцяў, асабліва дарагіх рэжысёру.
У рашэнні падкрэслівалася, што Данута Валенса з’яўляецца «сімвалам сілы, мужнасці і ціхай рашучасці перад тварам гістарычных выклікаў», а Анджэй Пачобут «на працягу многіх гадоў з’яўляецца сімвалам непахіснай барацьбы за праўду, правы чалавека і свабоду слова», — гаворыцца ў паведамленні Сената Польшчы.
Ад імя Анджэя Пачобута прэмію прыняла яго дачка Яна.
Прэмія Анджэя Вайды ўручаецца з 2018 года. Яе заснавальнік — Кіёцка-Кракаўскі фонд Анджэя Вайды і Крысціны Захватовіч. Прэмія прысуджаецца за выдатную працу ў духу грамадскай салідарнасці. Яна прысуджаецца асобным асобам або арганізацыям за сацыяльную дзейнасць, якая аказвае пазітыўны ўплыў на грамадства.
