У адным з банкаўскіх аддзяленняў Гомеля выявілі падробленую купюру наміналам 5 тысяч расійскіх рублёў. Банкноту спрабавалі залічыць на разліковы рахунак арганізацыі.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, інцыдэнт адбыўся ў канцы чэрвеня. Жыхар Гомеля звярнуўся ў абменны пункт аднаго з аддзяленняў банка для правядзення аперацыі з грашовымі сродкамі. Падчас праверкі купюр касір засумнявалася ў сапраўднасці адной з банкнот і націснула трывожную кнопку.
Згодна з заключэннем эксперта Гомельскага міжраённага аддзела ДКСЭ, прадстаўленая банкнота была выраблена не прадпрыемствам, якое займаецца вытворчасцю такой прадукцыі.
Экспертыза ўстанавіла, што выявы на пярэднім і адваротным баках купюры, уключаючы імітацыю ахоўных валокнаў, былі выкананы метадам каляровага струменевага друку. Выключэнне склала выява герба горада Хабараўска.
Мужчына патлумачыў, што працуе ў кампаніі, якая спецыялізуецца на аптовым гандлі таварамі на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Разліковы рахунак юрыдычнай асобы зарэгістраваны ў Беларусі, таму ўсе грашовыя сродкі, атрыманыя за рэалізацыю тавараў на тэрыторыі сумежнай дзяржавы, перавозяцца сюды і залічваюцца на разліковы рахунак арганізацыі з наступнай канвертацыяй у беларускія рублі. Аднак гэтым разам з правядзеннем аперацыі ўзніклі складанасці.
Па дадзеным факце распачата крымінальная справа.

