Беларускі актывіст Уладзіслаў Бохан ад імя партыі «Адзіная Расія» разаслаў настаўнікам Краснадарскага краю РФ прэзентацыю з лозунгамі, якія адсылаюць да нацысцкай ідэалогіі. У выніку 22 установы адукацыі правялі мерапрыемствы на тэму «культу сілы» і «пагарды да слабасці» і адчыталіся пра праведзеныя заняткі.
Акцыя з’яўляецца часткай праекта Бохана «Трыумф молі», заснаванага на эсэ Умберта Эка «Вечны фашызм». У межах праекта актывіст ад імя чыноўнікаў арганізуе мерапрыемствы, якія адпавядаюць 14 прыкметам фашызму. Прэзентацыя ўтрымлівала прамыя адсылкі да нацысцкай сімволікі, стылістыкі плаката Der Untermensch і завяршалася цытатай пра «ген нацыі, які прастаіць тысячу гадоў» — адсылкай да канцэпцыі тысячагадовага рэйха.
“Трохі раней, арганізоўваючы захапляльныя мерапрыемствы для настаўнікаў, мы разгледзелі 9 крытэрыяў, сёння на чарзе дзясяты, які гучыць як “пагарда да слабасці”. Пры гэтым крытэрый культывуе ідэю пра тое, што каштоўнасць чалавека вызначаецца яго фізічнай сілай, вытрымкай і гатоўнасцю да барацьбы.
У гісторыі, калі ў фашысцкай Італіі гэты крытэрый праяўляўся ў выглядзе фарміравання культу гераічнага тыпу чалавека, то ў Германіі пры Гітлеры гэта вылілася ў цэлую праграму Т4, пры якой людзі з інваліднасцю і рознымі разладамі проста знішчаліся фізічна. Мы, на шчасце, знішчаць нікога не будзем, а выкарыстаем наглядную агітацыю нацыстаў і вядомы плакат Der Untermensch. Мы захаваем яго стылістыку, аднак крыху змякчым і пераробім”, — распавёў Бохан.
У якасці адмоўных прыкладаў у матэрыялах фігураваў беларускі прапагандыст Грыгорый Азаронак, якому прыпісвалася «садамія», прапагандыст RT Канстанцін Прыдыбайла, які ўвасабляў «подласць», расійскі блогер Стас Ай, як проста як прататып баязлівасці і расійскі суддзя Аляксей Крываручка са “спісу Магніцкага”, які прадстаўляў “здраду нацыі”.
У якасці станоўчых прыкладаў — мастак-акцыяніст Павел Крысевіч, заснавальнік «Медыязоны» Пётр Вярзілаў, баец палка імя Каліноўскага Яўген Жураўскі і сам Уладзіслаў Бохан.
Паводле слоў Бохана, гэта абсалютны рэкорд яго праекта — ні разу раней столькі школ не адгукалася на падобную рассылку.
«Калі я паказаў сваю прэзентацыю, асабліва фінальны слайд, мне сказалі: ды ладна, яны ж спаляць пра тысячагадовы рэйх. Але, як паказала практыка, не. Больш за тое, гэта абсалютны рэкорд — 22 установы. І мне нават не давялося па традыцыі палохаць іх тлумачальнымі», — адзначыў ён.









