Нарвежская федэрацыя плавання не будзе прымаць міжнародныя спаборніцтвы пад эгідай World Aquatics, калі да іх будуць дапушчаны спартсмены з Беларусі і Расіі. Пра гэта кіраўнік федэрацыі Като Братбакк заявіў Reuters.
«Наша пазіцыя ясная. Мы не будзем праводзіць ніякіх чэмпіянатаў да таго часу, пакуль расійскія і беларускія спартсмены, як дарослыя, так і юніёры, маюць поўны доступ да спаборніцтваў, права ўдзелу і могуць выкарыстоўваць свае сцягі і нацыянальныя гімны», — сказаў Братбакк.
Нагадаем, World Aquatics аднавіла поўныя членскія правы Беларусі і Расіі і дазволіла беларускім і расійскім спартсменам выступаць пад дзяржаўнымі сцягамі сваіх краін.
Супраць такога рашэння выступіла Польшча. Польская федэрацыя плавання заявіла, што калі ваенная сітуацыя не зменіцца, спартсмены з Беларусі і Расіі не будуць дапушчаны на чэмпіянат Еўропы па скачках у ваду, які пройдзе ў Польшчы ў 2027 годзе.
