На пісьменніка Сашу Філіпенку у Беларусі ўзбуджана новая крымінальная справа. Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго слоў, раніцай 5 лютага ў доме прайшоў ператрус, пасля чаго стала вядома пра ўзбуджэнне справы паводле ч. 2 арт. 361 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы»). У якасці падставы ўказана яго інтэрв’ю на YouTube-канале «Обычное утро».
“Раней у мяне былі толькі розныя кнігі — цяпер розныя крымінальныя артыкулы. Сёння дома прайшоў новы ператрус. На гэты раз справа ўзбуджана паводле арт. 361 ч. 2. Падазраваны Філіпенка Аляксандр Аляксандравіч, паўторна, выкарыстоўваючы інтэрнэт, даў інтэрв’ю пад назвай «Запрещенные книги в Беларуси: почему нельзя читать романы Саши Филипенко или как все-таки прочесть?» на канале «Обычное утро»… Вы нічога не пераблыталі — паводле новага артыкула мне свеціць яшчэ 5–7 гадоў за тое, што я распавёў пра свае кнігі. Раней на вокладках друкавалі Прэміі і Узнагароды, цяпер можна Артыкулы КК”, — напісаў ён.
Нагадаем, пра ўзбуджэнне першай крымінальнай справы стала вядома ў лютым 2024 года. Да бацькі пісьменніка ў Мінску прыходзілі з ператрусам і выклікалі яго ў міліцыю. У лютым мінулага года Саша Філіпенка паведамляў, што гаворка ідзе пра артыкул 130 — «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці розні».
Саша Філіпенка — беларускі пісьменнік, які піша на рускай мове, раманы якога перакладзеныя на 16 еўрапейскіх моў. Ён нарадзіўся ў Мінску, яму 41 год. Філіпенка актыўна выступае супраць рэжыму Лукашэнкі і развязанай Пуціным вайны ва Украіне. У 2020 годзе ён быў вымушаны з’ехаць на Захад, сёння жыве з сям’ёй у Швейцарыі.
У Беларусі забаранілі продаж яго кніг «Красный крест» і «Слон», а затым абвясцілі гэтыя кнігі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
