Першы намеснік міністра абароны, начальнік Генштаба Павел Муравейка чарговы раз пагразіў патэнцыйным агрэсарам ядзернай зброяй і комплексам “Арэшнік”. Паводле яго меркавання, іх наяўнасць на тэрыторыі Беларусі з’яўляецца стрымліваючым фактарам.
“І перш чым здзейсніць напад на нашу краіну, кожны задумаецца, якім можа быць адказ. Ёсць у ваеннай гісторыі такое выказванне, як “піррава перамога”. То-бок перамагчы можна. Пытанне, з чым ты застанешся потым. Таму наяўнасць гэтага патэнцыялу з’яўляецца ў пэўнай ступені стрымліваючым фактарам ад магчымых агрэсіўных імкненняў супраць нашай краіны”, — сказаў ён.
Муравейка таксама параўнаў сітуацыю ў Беларусі з перыядам ВАВ. Паводле яго меркавання, цяпер яна горшая.
“Калі параўноўваць з чэрвенем 1941-га, то, напэўна, цяпер абстаноўка яшчэ больш складаная. Таму што краіны значна выраслі эканамічна, інтэлектуальна, узровень узбраенняў і ваеннай тэхнікі значна павысіўся. Сёння тыя фактары, якія ўплывалі на абстаноўку вайны ў 1941-м, не з’яўляюцца дамінуючымі. Сёння пераважаюць узаемныя незразумелыя прэтэнзіі, працуе санкцыйная палітыка, якая ні да чаго добрага ў бліжэйшай перспектыве не прывядзе.
Захад фактычна рыхтуецца да вайны. Таму гучыць рэваншысцкая накіраванасць у рыторыцы заходніх палітыкаў, актыўна праводзяцца мерапрыемствы па ўдасканаленні і развіцці ўзброеных сіл, набываецца сучаснае ўзбраенне і гэтак далей.
Натуральна, вырашэнне гэтага працэсу ёсць. І пра гэта шмат разоў казаў наш кіраўнік дзяржавы. Трэба сядаць за стол перамоваў і дамаўляцца. Пакуль, на жаль, гэты здаровы сэнс у Еўропе не пераважае. Будзем спадзявацца, што гэтая пазіцыя ў хуткім часе знойдзе свой водгук, і краіны сядуць за стол перамоваў і пачнуць зніжаць тую агрэсіўную рыторыку і агрэсіўныя дзеянні, якія адбываюцца цяпер”, — сказаў ён.
Нягледзячы на такую амаль апакаліптычную карціну, апісаную ім, Муравейка ўпэўнены, што вайны не будзе.
“У нас не надзея на мір, а ўпэўненасць у тым, што мы захаваем гэты мір. І ў тым, што здаровы сэнс і голас нашай краіны, і здаровых краін, якія адстойваюць мір, будзе гучаць значна мацней, чым голас тых, хто хоча вайны”, — заключыў ён.