Міністэрства сувязі і інфарматызацыі плануе павышаць ліміт абмежавання трафіку на тарыфных планах па меры развіцця сеткі мабільнай сувязі. Пра гэта ў эфіры беларускага тэлебачання заявіў першы намеснік міністра Павел Ткач.
Нагадаем, з пачатку года ў Беларусі былі ўведзены абмежаванні на так званых безлімітных тарыфных планах. За месяц на максімальнай хуткасці абанент можа выкарыстаць толькі 30 Гбайт трафіку. Пры перавышэнні ліміту хуткасць доступу ў інтэрнэт зніжаецца да 1 Мбіт/с.
“Усё ж такі мы плануем пры далейшым павелічэнні ёмістасці сеткі гэту пастанову змяняць, і ліміт спажывання будзе павялічаны”, — сказаў Ткач.
Ён таксама яшчэ раз растлумачыў прычыны ўвядзення абмежаванняў.
“Асноўная прычына, як казалі калегі, — гэта сапраўды тое, што ў нас ідзе шалёны дысбаланс нагрузкі, асабліва ў вячэрні час, калі людзі актыўна пачынаюць глядзець сацыяльныя сеткі або, скажам так, не зусім мэтавае выкарыстанне ўсё ж такі сотавай сувязі.
Таму што калі чалавек, былі такія выпадкі ў практыцы, купляе адну сім-карту і пачынае раздаваць інтэрнэт для ўсіх пецярых членаў сям’і і на тры вялікія тэлевізары, то відавочна, што пры гэтым пакутуюць іншыя карыстальнікі інтэрнэту. Мы першапачаткова не праектавалі сеткі сотавай сувязі для прагляду кантэнту адразу на трох прыладах”, — сказаў ён.
У якасці аргумента Ткач прывёў і тое, што “абсалютнага безліміту” няма нідзе ў свеце. Паводле яго слоў, у Карэі хуткасць на такіх тарыфных планах абмежаваная да 400 Кбіт/с, а ў Кітаі самы папулярны план — 40 Гбайт.