Міністр прамысловасці Андрэй Кузняцоў, каментуючы для беларускага тэлебачання справаздачу ўрада, выкарыстаў звычайны для чыноўнікаў аргумент, які тлумачыць праблемы з экспартам: мы навучыліся рабіць якасную прадукцыю, але не ўмеем прадаваць. Праўда, на гэты раз ён прапанаваў рашэнне: трэба набраць у маркетынг людзей маладзейшых.
“Мы бачым, што патэнцыял вялікі, а работу праводзім слабую. Таму мы ўзмацняем у гэтым кірунку работу. Ставім сабе мэту спачатку разгрузіць склады, бо гэта абаротка для нашых прадпрыемстваў”, — сказаў ён.
Нагадаем, у студзені аб’ём прамысловай вытворчасці ўпаў на 3,4%. Складскія запасы пры гэтым выраслі за месяц на 800 млн рублёў і ўпершыню перавысілі 12 млрд рублёў. Паведамлялася, што з-за мяжы прадпрыемствы Мінпрама не вярнулі 500 млн долараў выручкі.
“Так, сапраўды, ёсць такія прычыны, як не ўмеем гандляваць. Ну гэта праўда. Няма вось гэтых нашых маркетынгавых даследаванняў, правільных маркетынгавых даследаванняў. Мы не можам якасна прапанаваць свой тавар, хаця прадукцыя Рэспублікі Беларусь, якая вырабляецца ў сістэме Міністэрства прамысловасці, уваходзіць мінімум у пяцёрку па якасці. Проста мы не ўмеем гэта падаць. І мы паставілі сабе задачу за гэты год навучыцца прадаваць. А прадаваць на новыя рынкі, бо мы сапраўды зацыкліліся на адным рынку. Вось і атрымалі, што маем”, — канстатаваў міністр.
Андрэй Кузняцоў адзначыў, што Мінпрам хоча засяродзіцца на рынках, альтэрнатыўных расійскаму.
“Таму зараз мы актыўна займаемся афрыканскім рынкам і краінамі далёкай дугі. Рост ёсць — 15%, па асобных краінах і 25% прырост да таго года. Але гэта ўсё роўна тыя лічбы, якія не даюць нам перакрыць наш традыцыйны рынак. І тут мы ўжо бачым тэндэнцыі да выпраўлення. Я спадзяюся, што мы за гэты год паказчыкі дакладна палепшым да 2025 года, бо мы ўжо распрацавалі маркетынгавыя стратэгіі па нашых прадпрыемствах і надаём ім увагу”, — сказаў ён.
Каб выканаць паказчыкі, у сістэме Мінпрама штотыдзень праходзяць “штабы”. Частка прадпрыемстваў і холдынгаў была “пераведзена на ручное кіраванне”. Яны недапрацавалі ў маркетынгу.
“Ну ў нас асноўныя гэта 21 прадпрыемства: 17 холдынгаў і 4 прадпрыемствы не ў холдынгах, якія сапраўды зараз ужо перавялі мы на ручное кіраванне з дваццаці аднаго 20 прадпрыемстваў. Недзе моцна на ручным кіраванні ў раёне 15 прадпрыемстваў, нашы холдынгі. Гэта такія як “Гомсельмаш”, Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, “Атлант” моцна прасеў. І вось гэта ўсё, што я назваў прадпрыемствы, зноў жа вяртаючыся, гэта дзе недапрацавалі ў маркетынгу. Мы бачым, як агрэсіўна дзейнічаюць нашы канкурэнтныя партнёры на рынку, а мы крыху ўпусцілі гэты момант. Але я ўпэўнены, што каманда згуртаваная, прыняты ўсе кадравыя рашэнні ўнутры нашых прадпрыемстваў”, — дадаў ён.
“Трэба рабіць стаўку больш на моладзь. Бо моладзь, яна ў нас крэатыўная і разумее, што трэба рабіць. Тут пастаўлена задача нашым кіраўнікам, каб сістэма маркетынгу на 80% складалася з моладзі, гэта значыць да 30–32 гадоў. Бо нават калі браць мерку сярэдняга ўзросту нашай прамысловасці, на сённяшні дзень яна больш за 45 гадоў. А задача стаіць за гэтую пяцігодку дайсці хаця б да 40–41 года, бо моладзь з’яўляецца драйверам развіцця эканомікі”, — падказаў 49-гадовы Кузняцоў спосаб выправіць сітуацыю.
Таксама ён адзначыў, што мадэрнізацыя вытворчасцяў дапаможа знізіць выдаткі і ўсталяваць больш канкурэнтныя цэны. Яе плануецца завяршыць на працягу трох гадоў.
“Попыт ёсць. Попыт на тую прадукцыю, якую вырабляе Рэспубліка Беларусь. Але зноў жа вы сказалі літаральна хвіліну таму, што маркетынгам мы прайграем. Прайграем, неабгрунтавана прайграем. Гэта праблема, з якой трэба змагацца. А попыт на нашу прадукцыю ёсць. Яна адрозніваецца і цаной, і якасцю, але самае галоўнае: расказаць, паказаць, данесці да нашага спажыўца”, — сказаў Кузняцоў.
У рамках прасоўвання беларускіх тавараў на іранскі рынак міністр разлічвае зняць бар’еры для паставак у гэтую краіну беларускіх трактароў і тэхнікі МАЗа.
