Мінабароны Беларусі 17–26 чэрвеня правядзе мабілізацыйнае вучэнне з ваеннымі камісарыятамі Гродзенскай вобласці.
“Будуць адпрацоўвацца пытанні па даўкамплектаванні ваенных камісарыятаў шляхам прызыву ваеннаабавязаных на ваенныя зборы з наступным іх удзелам у вучэнні ў складзе ваенных камісарыятаў”, — паведамілі ў прэс-службе.
Адзначаецца, што прызваныя будуць удасканальваць ваенныя веды, асвойваць узбраенне і ваенную тэхніку, вучыцца выконваць задачы, якія паступаюць ад кіраўнікоў вучэнняў і патрабуюць аператыўных рашэнняў і дзеянняў.
“Плануецца адпрацоўка пытанняў апавяшчэння і яўкі ваеннаабавязаных і транспартных сродкаў у пункты папярэдняга збору. Грамадзянам будуць уручацца позвы аб неабходнасці прыбыцця ў пункты збору ваеннаабавязаных для зверкі асабістых даных”, — дадалі ў міністэрстве.
У ім таксама папярэдзілі, што падчас вучэння каля камісарыятаў і іншых аб’ектаў могуць быць чутныя выбухі і стрэлы. Магчыма абмежаванне руху на асобных вуліцах паблізу ваенных камісарыятаў.