МУС уключыла ў «Пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», яшчэ 35 чалавек.
Сярод іншых у пералік унеслі 37-гадовага мазырскага блогера Максіма Шуканава, а таксама яшчэ 19 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Бацька Максіма — супрацоўнік лабараторыі інфарматыкі і сувязі Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Ігар Шуканоў, а яго нявеста — актывістка і блогерка з Мазыра Паліна Зыль — таксама знаходзяцца за кратамі.
На яго YouTube-канал Union Bell падпісана больш за 6 тысяч карыстальнікаў. Максім не з’язджаў з краіны, нягледзячы на ўзмацненне рэпрэсій. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», разам са сваёй нявестай ён перайшоў на падпольнае становішча. Максім мае сур’ёзныя праблемы са здароўем, у яго дыягнаставаная эпілепсія.
У мінулым годзе Максіма Шуканова прыгаварылі да 4 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і ч. 3 арт. 361-1 (уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фарміравання).
Паводле версіі боку абвінавачання, Шуканоў рэдагаваў кантэнт на YouTube-каналах аб’яднання былых сілавікоў, якія падчас паслявыбарных пратэстаў 2020 года перайшлі на бок народа.
«У яго задачы як удзельніка экстрэмісцкага фарміравання ўваходзілі рэдагаванне дэструктыўнага кантэнту на YouTube-каналах BYPOL і BELPOL, стварэнне лагатыпа BELPOL і іншае. Ён таксама садзейнічаў экстрэмісцкай дзейнасці фарміравання “Беларускі гаюн”», — заяўлялі ў Генпракуратуры.
Таксама блогера абвінавацілі ва ўдзеле ў мінскіх пратэстах у жніўні 2020 года.
Цяпер у спісе 6261 прозвішча.
Беларускія ўлады рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачанні ў экстрэмізме для барацьбы з палітычнымі апанентамі і іншадумствам у цэлым.
