Масавыя памілаванні і прымусовыя выдварэнні — «Вясна» распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў 2025 годзе

Галоўнае
Фото: t.me/tsikhanouskaya

Праваабарончы цэнтр «Вясна» распавёў пра сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі ў 2025 годзе. На думку праваабаронцаў, яна заставалася крытычнай, нягледзячы на масавыя памілаванні: на фоне вызваленняў фіксаваліся выпадкі прымусовага выдварэння з краіны, працяг рэпрэсій, ізаляцыі зняволеных і смерці ў месцах пазбаўлення волі.

Паводле даных «Вясны», на 23 снежня ў месцах пазбаўлення волі ўтрымлівалася 1135 палітвязняў, з іх 968 мужчын і 168 жанчын. Сярод зняволеных — 28 прадстаўнікоў медыя, тры праваабаронцы, 21 урач, а таксама 16 юрыстаў і адвакатаў.

Праваабаронцам вядома як мінімум пра 164 палітвязняў, якія знаходзяцца ў групе павышанай рызыкі. Сярод іх не менш за 56 чалавек з цяжкімі захворваннямі, 7 чалавек з інваліднасцю, 26 чалавек старэйшыя за 60 гадоў, 10 чалавек з ментальнымі разладамі. Таксама паведамляецца пра 34 палітвязняў, якія знаходзяцца ў складаных сямейных абставінах, у тым ліку шматдзетных і адзінокіх бацькоў, а таксама сем’і, дзе абое бацькоў знаходзяцца ў зняволенні. Прынамсі 20 сем’яў утрымліваюцца ў месцах пазбаўлення волі адначасова.

З 2020 года больш за 1700 чалавек цалкам адбылі прызначаныя тэрміны і выйшлі на волю. З іх не менш за 300 — у 2025 годзе. У 2025 годзе статус палітвязня атрымалі ў агульнай складанасці 509 чалавек.

На працягу 2025 года пры садзейнічанні ЗША былі памілаваныя 342 чалавекі. Усяго з ліпеня 2024 года па працэдуры памілавання вызвалены 569 палітвязняў. Сярод вызваленых — кіраўнік і заснавальнік «Вясны», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама праваабаронца Уладзімір Лабковіч. На волю таксама выйшлі Максім Знак, Алена Гнаук, Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава, якія раней працяглы час знаходзіліся ва ўмовах інкамунікада.

22 лістапада Аляксандр Лукашэнка «памілаваў» 31 грамадзяніна Украіны. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, толькі 10 з іх былі асуджаныя па палітычных матывах. Усе памілаваныя былі перададзены ўкраінскаму боку.

У 2025 годзе пасля вызвалення 189 палітвязняў былі прымусова вывезены за межы Беларусі. Пры гэтым Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць краіну і працягвае знаходзіцца ў зняволенні. Праваабаронцы кваліфікуюць практыку «вызвалення пры ўмове выезду» як інструмент палітычнага ціску, які супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным нормам.

Нягледзячы на вызваленне шэрагу замежных грамадзян, беларускія ўлады працягваюць крымінальны пераслед замежнікаў. Па стане на 23 снежня, паводле даных «Вясны», не менш за 20 замежных грамадзян застаюцца ў зняволенні ў Беларусі.

Таксама працягваецца практыка ізаляцыі зняволеных ад знешняга свету. У рэжыме інкамунікада, без сувязі з роднымі і адвакатамі, утрымліваюцца не менш за чатыры палітвязні: Аляксандр Арановіч, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч і Аляксандр Францкевіч.

У 2025 годзе стала вядома пра дзве смерці палітвязняў у месцах пазбаўлення волі. У пачатку года памёр Валянцін Штэрмер, які адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17. Дакладная дата і абставіны яго смерці застаюцца невядомымі, вядома толькі, што гэта адбылося ў пачатку 2025 года. Таксама няма ўпэўненасці, ці памёр Штэрмер у калоніі, ці быў вывезены ў бальніцу — турэмную або грамадзянскую. У 2023 годзе мужчыну асудзілі да 5 гадоў калоніі за восем каментарыяў супраць уварвання Расіі ва Украіну. У адным атрадзе з Валянцінам знаходзіўся былы палітвязень Дзмітрый Лукша, які распавёў, што ў калонію Валянцін прыбыў пасля інсульту.

У верасні ў магілёўскай калоніі №15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расіі Андрэй Паднябенны, асуджаны ў агульнай складанасці на 16 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі. За кратамі яго ўтрымлівалі амаль чатыры гады. Прычынай смерці Андрэя Паднябеннага стала ўдушша — палітвязень павесіўся ў штрафным ізалятары. У Андрэя засталося трое дзяцей.

Адзначаецца, што ўсе лічбы могуць быць большымі з-за адсутнасці поўных звестак у праваабаронцаў.

Масавыя памілаванні і прымусовыя выдварэнні — «Вясна» распавяла пра сітуацыю з палітвязнямі ў 2025 годзе
Інфаграфіка: spring96.org

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны