Маркаў не бачыць неабходнасці ўстанаўліваць долю беларускамоўнага кантэнту на тэлебачанні

Навіны
Марат Марков. Фото: Мининформ

Міністр інфармацыі Марат Маркаў не лічыць мэтазгодным устанаўліваць долю беларускамоўнага кантэнту на тэлебачанні. У тг-канале міністэрства апублікавалі яго адказ на пытанне з прапановай зрабіць не менш за 45% тэлевізійнага вяшчання на беларускай мове.

Маркаў прызнае, што беларускамоўных праграм на тэлебачанні не так шмат. Паводле яго слоў, такая сітуацыя склалася не ўчора і адлюстроўвае сітуацыю ў грамадстве.

“Нагадаю, пра што ўжо пісаў у гэтай рубрыцы: пры тым, што больш за палову грамадзян краіны паводле апошняга перапісу назвалі менавіта беларускую мову роднай, размаўляе на ёй — менш за чвэрць насельніцтва.

Тут важна разумець, што проста так узяць і сказаць: «Цяпер 45% эфіру будзе на мове!» — гэта падыход у рэаліях больш нагадвае авантуру. У нас няма грамадскага тэлебачання, няма абавязковага штомесячнага збору Abonament RTV за валоданне тэлевізарам і збору на смартфоны, планшэты, ноўтбукі, тэлевізары, як у Польшчы і шэрагу іншых еўрапейскіх дзяржаў.

Тэлевізійныя каналы зарабляюць на рэкламе і арыентуюцца на запыт гледача. А толькі 1,1% тэлегледачоў, паводле сацапытання 2025 года Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, аддаюць перавагу глядзець тэлевізійныя праграмы на беларускай мове. Яшчэ траціна апытаных адзначае аднолькавую ступень перавагі як рускай, так і беларускай моў у тэлекантэнце. І што паказальна, доля тэлеглядзення нашага культурнага тэлеканала Беларусь 3, дзе пераважаюць беларускамоўныя праграмы, — у сярэднім 2,5%.

Не ўлічваць гэтую рэальнасць мы проста не можам”, — заявіў Маркаў.

Міністр лічыць, што прывіваць любоў да беларускай мовы трэба праз культуру, адукацыю, інфармацыйныя рэсурсы, але “без найменшага ўціску іншай дзяржаўнай мовы”.

“Таму Міністэрства інфармацыі бачыць сваю задачу не ў штучным навязванні працэнтных суадносін, а ў стымуляванні стварэння тэлевізійнымі каналамі якаснага, цікавага і канкурэнтаздольнага кантэнту на беларускай мове.

Не бачу сэнсу ўскладняць гэтае пытанне ў цяперашні час, з улікам усяго таго жаху, які творыцца ў свеце.

Галоўнае — любыя спробы публічна дыскрымінаваць якую-небудзь з дзяржаўных моў, роўна як і любую іншую нацыянальную мову, дэманстраваць непавагу да яе павінны жорстка спыняцца ў корані. Менавіта абвастрэнне моўных, нацыянальных і рэлігійных пытанняў часта становіцца прычынай развалу дзяржаў. А для Беларусі, дзе пражывае больш за 150 нацыянальнасцяў, гэта больш чым актуальна”, — дадаў міністр.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны