Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю чакае запаволення месячнай інфляцыі ў лютым. Пра гэта заявіла намесніца міністра Наталля Васілеўская.
“Цяпер мы знаходзімся ў межах устаноўленых прагнозных параметраў, усё падкантрольна. Будзем старацца, каб і ў далейшым вытрымаць зададзены рытм. Па лютым мы ацэньваем інфляцыю на ўзроўні 100,3 працэнта”, – сказала яна.
Нагадаем, у студзені месячны паказчык інфляцыі склаў 0,5%. Паводле слоў Васілеўскай, прагназаваць інфляцыю дапамагае таксама і аўтаматызаваная сістэма аналізу цэн, якая пакуль уключае толькі тры тавары: халадзільнікі, шыны, веласіпеды. Нягледзячы на тое, што ў яе пакуль уключана тры паказчыкі, гэта дапамагло ў мінулым годзе пралічыць цэны на баршчавы набор, увяла ў курс справы Наталля Васілеўская, піша пры гэтым SB.by.
“Цяпер з пункту гледжання кантролю мы патроху пачынаем адаптаваць гэтую сістэму пад сябе. Так, ёю трэба займацца больш глыбока і прадметна, пашыраць лінейку тавараў, прадстаўленых там”, – цытуе яе выданне.
