Мадэрнізацыяй “Гродна Азота” можа заняцца расійская кампанія

Навіны
Фото: azot.by

Расійская кампанія можа заняцца мадэрнізацыяй “Гродна Азота”. Гаворка ідзе пра Цэнтр прамысловага інжынірынгу «Красцветмета», які з’явіўся на месцы даччынай кампаніі нямецкага канцэрна Thyssenkrupp, набытай у 2024 годзе.

“Інжынерная каманда наўпрост звязвае Ніжагародскую вобласць і мадэрнізацыю ААТ «Гродна Азот». Гістарычна нямецкая група Thyssenkrupp — ключавы сусветны гулец на рынку буйнатанажных агрэгатаў аміяку і карбаміду. Пасля сыходу канцэрна з Расіі «Красцветмет» цалкам захаваў унікальны калектыў інжынераў у Дзяржынску, ІТ-інфраструктуру і спецыялізаванае праграмнае забеспячэнне.

«Красцветмет» і яго дзяржынскі інжынерны цэнтр вядуць актыўную працу з беларускім бокам. Кампанія афіцыйна прапанавала ААТ «Гродна Азот» комплексны інжынірынг пад ключ для стварэння новай вытворчасці карбаміду”, — расказаў SB.by намеснік старшыні ўрада Ніжагародскай вобласці Ігар Зотаў.

Паводле яго слоў, прадпрыемства займаецца праектаваннем азотных і хімічных комплексаў, уключаючы ўстаноўкі аміяку, карбаміду і азотнай кіслаты. Яно можа замясціць замежных падрадчыкаў беларусскага завода.

“Плануецца правесці рэканструкцыю дзеючай вытворчасці аміяку і ўвесці ў эксплуатацыю другую чаргу па выпуску карбаміду. Галоўная тэхналагічная сутнасць праектаў — стварэнне замкнёнага цыкла: мадэрнізацыя дзеючых цэхаў аміяку дае дадатковую сыравіну, якая затым цалкам перапрацоўваецца ў новыя аб’ёмы карбаміду”, — дадаў Зотаў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.