У Беларусі прапануецца ўзмацніць патрабаванні да работнікаў прыватнай медыцыны. Адпаведныя папраўкі ў закон аб ліцэнзаванні вынесены на нараду ў Аляксандра Лукашэнкі.
Праект прадугледжвае павялічыць стаж працы ў дзяржустанове з 3 да 7 гадоў, які дазваляе працаваць у прыватнай клініцы. Таксама абавязковай прапануецца зрабіць наяўнасць не ніжэй за першую катэгорыю, у тым ліку для сярэдніх медработнікаў.
Лукашэнка, як звычайна на такіх нарадах, паставіў пад сумнеў прапанаваныя новаўвядзенні.
“У многіх выклікае сумненні мэтазгоднасць прапанаваных змяненняў у патрабаваннях для працы ў прыватным сектары аховы здароўя. Атрымліваецца, што дзяржаўныя арганізацыі становяцца трамплінам для прыватнага бізнесу? Ці не?” – сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Ён таксама пацікавіўся, як часта і чаму работнікі дзяржаўных медустаноў сыходзяць у прыватны бізнес.
“Ці паўсюдна адбываецца такая міграцыя работнікаў аховы здароўя да прыватнікаў? Як прапанаваныя меры дазволяць узмацніць кадравыя рэзервы дзяржаўных устаноў аховы здароўя? З іншага боку. Калі пакінуць усё як ёсць, наколькі прыватная медыцына будзе ўцягнутая ў вырашэнне сацыяльных задач дзяржавы? І ўвогуле як працуе дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў гэтай сферы?
І ўвогуле нам трэба паглядзець на ахову здароўя дзяржаўную і прыватную. Мы заўсёды гаворым: “Вось, давайце роўныя ўмовы і іншае”. А ці роўныя ўмовы? Напэўна, тут таксама сёе-тое ўпіраецца ў цэнаўтварэнне, у цану”, – сказаў ён.
