Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка правёў сустрэчы ў Празе. Як паведамілі ў Офісе Ціханоўскай, яны прайшлі ў МЗС краіны, офісе прэзідэнта Чэхіі, а таксама адбылася сустрэча з паслом Украіны.
Асноўнымі тэмамі сустрэч сталі візавыя пытанні, дапамога рэпрэсаваным і адукацыйныя ініцыятывы.
“Важным вынікам перамоў з чэшскім міністрам стала рашэнне, якое дазволіць Чэхіі ў найбліжэйшы час пачаць выдачу віз сваякам беларусаў, якія пражываюць у краіне”, – гаворыцца ў паведамленні.
Таксама абмяркоўвалася далучэнне Чэхіі да Міжнароднага гуманітарнага фонду. Гэта дапаможа аказаць падтрымку вызваленым з турмы і тым, хто мае патрэбу ў дапамозе пасля рэпрэсій.
На наступным тыдні ў офісе «Дэмакратычных сіл» у Празе адкрыецца Акадэмія жаночага лідарства, дзе актывісты і журналісты пройдуць навучанне і сустрэнуцца з чэшскімі лідарамі.
Акрамя таго, Вячорка выступіў на канферэнцыі, прысвечанай усходняй палітыцы Чэхіі, дзе абмяркоўваліся беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва і роля беларускіх валанцёраў, якія дапамагаюць Украіне.
