Аляксандр Лукашэнка заявіў, што жонцы Нікаласа Мадуры Сіліі Флорэс прапаноўвалі застацца ў Венесуэле. Паводле яго слоў, яна адмовілася, каб застацца з мужам. Фрагмент выступлення на цырымоніі ўручэння прэмій «За духоўнае адраджэнне» апублікавала прэс-служба Лукашэнкі.
На яго думку, дзеянні ЗША ў дачыненні да Венесуэлы могуць быць звязаныя з саступкамі прэзідэнта Дональда Трампа ваенным колам пасля сітуацыі ў Афганістане.
“Амерыка вельмі складаная краіна, вельмі складаная. Гэта не так, як у нас, нават у Расіі і ў іншых краінах. Я думаю, што гэта, хутчэй за ўсё, саступка Дональда Трампа вайскоўцам. Памятаеце, як беглі з Афганістана, чапляючыся за шасі самалётаў, падалі на ўзлётна-пасадачнай паласе? Ганьба. Але ж трэба паказаць, што на нешта здольныя. Але зноў улезлі ў вельмі непрыемную сітуацыю, — заявіў ён. — Так, дрэнна, агідна. Рэакцыя ўсяго свету — ну, ёсць там некаторыя, якія мякка рэагавалі, але незадаволенасць і рэакцыя на гэты інцыдэнт ва ўсіх адмоўныя. Усе зробяць з гэтага высновы, усе разумеюць, што адбываецца ў гэтым плане ў свеце, і кожны будзе думаць пра тое, каб абараніць сваю краіну”.
“Важна, што захапілі прэзідэнта. Жонцы сказалі — тут вельмі важна: “Ты можаш застацца, мы да цябе прэтэнзій не маем”. Яна кажа: “Не, я з ім”. Флорэс я ведаю — вельмі мужная жанчына, нягледзячы на тое, што маленькая. “Я са сваім каханым”. Даставілі ў Амерыку і ёй наркабізнес прышылі. Вось вам і ўсё правасуддзе, якому яны нас вучылі. Наеліся? Ніякай праўды, ніякага правасуддзя ў іх не было, няма і не будзе”, — дадаў ён.
Нагадаем, Нікалас Мадура і яго жонка Сілія Флорэс былі затрыманыя і вывезеныя ў ЗША 3 студзеня. Яны прадсталі перад федэральным судом Паўднёвай акругі Нью-Ёрка 5 студзеня. Мадура не прызнаў сябе вінаватым і запытаў консульскі візіт. Флорэс таксама не прызнала сябе вінаватай і назвала сябе першай лэдзі Венесуэлы. Наступнае пасяджэнне па іх справе прызначана на 17 сакавіка.
