Аляксандр Лукашэнка заявіў, што метэазонды з цыгарэтамі, якія залятаюць у Літву з Беларусі, не ўяўляюць небяспекі для самалётаў, і распавёў пра затрыманне пяці кантрабандыстаў у Беларусі, паведамляе БелТА.
Лукашэнка лічыць, што паветраныя шары не могуць паралізаваць працу аэрапортаў. Нагадаем, Літва вымушана закрываць аэрапорт у Вільнюсе падчас налётаў метэазондаў з Беларусі.
«Узляцеў самалёт, чыста ўзляцеў. Відаць жа, што шароў няма на ўзлётнай паласе. Узляцеў, і ён высока — 10–11 км. А там шары не лятаюць», — заявіў ён. Паводле яго слоў, былі праведзены кансультацыі з пілотамі, якія пацвердзілі, што шары не ўяўляюць сур’ёзнай праблемы.
Варта адзначыць, што вышыня 10–11 км — не мяжа для метэазондаў. Яны могуць падымацца і на вышыню 20–30 км.
Лукашэнка распавёў пра аперацыю па затрыманні пяці беларусаў, якія займаліся кантрабандай цыгарэт з дапамогай паветраных шароў.
«Кубракоў мне далажыў пра завяршэнне аперацыі. Яны затрымалі пяць нашых беларускіх кантрабандыстаў проста на мяжы. Нашы знялі дом пустуючы — у кагосьці з сваякоў купілі, заплацілі нейкія капейкі. У гэтым доме — пачкі цыгарэт, балон, якім запраўлялі, зонды… Усё для перакідкі. Міліцыя іх затрымала. Бандыты, яны былі асуджаны не адзін раз. Сапраўдныя бандзюганы», — распавёў Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што не лічыць патрэбным лавіць кантрабандыстаў у Беларусі, калі Літва ўвяла санкцыі супраць Беларусі.
«У мяне пазіцыя: вы санкцыі ўвялі. Цяпер што, мы павінны лавіць гэтых кантрабандыстаў тут, якія наш тавар купляюць за добрыя грошы і перакідваюць патрэбным людзям у Літве? Але я абяцаў: мы паглядзім і ў Беларусі, хто тут чым займаецца», — заявіў Лукашэнка. Ён дадаў, што ў перакідцы цыгарэт з беларускай тэрыторыі нібыта задзейнічаны і літоўцы.
Увосень мінулага года Лукашэнка ўжо абвінавачваў Літву ў кантрабандзе цыгарэт з Беларусі і заяўляў, што не бачыць віны кантрабандыстаў. «Я не бачу, за што караць людзей. Яны хацелі зарабіць — яны зарабілі. Калі б яны скралі гэтыя цыгарэты… Не, яны заплацілі. Якія да нас прэтэнзіі?» — сказаў ён.
