Лукашэнка спадзяецца, што ікона дапаможа ўбачыць патэнцыйных праціўнікаў

Навіны
Фото: пресс-служба Лукашенко

Аляксандр Лукашэнка падчас сённяшняга наведвання храма ў вёсцы Аколіца Мінскага раёна перадаў у дар копію іконы Божай Маці «Мінская». Паводле яго слоў, яна дапамагае ўбачыць ворагаў і патэнцыйных праціўнікаў.

Лукашэнка адзначыў, што ікона з’яўляецца галоўнай святыняй Беларусі, дапамагае ў знаходжанні правільнага шляху, дапамагае набыць яснасць і прыняць правільнае рашэнне ў заблытаных абставінах.

«Шмат-шмат разоў я звяртаў вашу ўвагу на тое, што свет сёння вельмі складаны. Заблытаны да немагчымасці. Магчыма, наша галоўная святыня і дапаможа нам у гэтым цёмным, заблытаным, незразумелым свеце набыць нейкі правільны шлях. Гэта па-першае», — сказаў ён.

Лукашэнка дадаў, што ікона абараняе, пазбаўляе ад бачных і нябачных ворагаў.

«Архіважна! Таму дай бог, каб вам тут і ўсім нам гэтая ікона, гэтая наша галоўная святыня дапамагала бачыць… Ну, ворагаў у нас, будзем лічыць, няма. А вось, не дай бог, патэнцыйных нейкіх нашых праціўнікаў мы павінны бачыць. І наша ікона, магчыма, нам дапаможа ў гэтым», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, мінулы год быў белай паласой у жыцці краіны.

«Жыццё ёсць жыццё. Як у нас кажуць, жыццё — гэта цяльняшка. І белыя, і цёмныя палосы. Дык вось не заўсёды бываюць белыя палосы. Хаця, трэба сказаць, што Гасподзь нас мілаваў, і мы жывём у мірнай краіне. І гэта, зыходзячы з мінулага года, я б сказаў, гэта белая паласа. У нас сёння ёсць усё для таго, каб людзі маглі жыць, карміць сябе і сваіх дзяцей. Пры ўмове толькі адной — калі яны працуюць. Без працы нічога не будзе. Таму гэтая ікона дорыць нам спакой і суцяшэнне. Настаўляе», — працягнуў ён.

Лукашэнка таксама спадзяецца на тое, што ікона наставіць моладзь.

«Галоўнае для нас — гэта дзеці. Я часта кажу: мы ўжо нешта пражылі, нешта бачылі. Так, моладзь сёння іншая, дзеці нашы іншыя, чым былі мы. Але ўсё наша жыццё, уся наша ўвага засяроджаныя на дзецях», — сказаў ён.

Аднак у завяршэнне Лукашэнка прыйшоў да высновы, што трэба ўсё рабіць самім.

«Але ікона іконай, але ўсё залежыць ад нас. Ад дзяцей, ад моладзі, ад дарослых. Усё залежыць ад нас. Калі мы будзем свой лёс моцна трымаць у руках, ён заўсёды дапаможа. Перш за ўсё глядзіце за тым, каб вы маглі самі сабе дапамагчы», — падсумаваў ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны