Аляксандр Лукашэнка сёння прывёў да прысягі суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Па рашэнні УНС Канстытуцыйны суд узначаліў Сяргей Сівец, а Вярхоўны суд — былы генпракурор Андрэй Швед. Таксама былі прыведзены да прысягі і іншыя новыя суддзі.
Лукашэнка адзначыў, што суддзі павінны арыентавацца на прынцып справядлівасці, бо ў законах немагчыма ўсё прапісаць.
“Я пакляўся сам сабе, што наколькі будуць мае магчымасці, здольнасці, я буду рабіць усё, каб у грамадстве было справядліва. Памятаеце, я казаў (і вы як юрысты мяне зразумееце), што мы не можам прапісаць усё ў законах. Але дух, фундамент і аснова ў нас адна — справядлівасць. І гэта вас найперш датычыцца. Будзьце справядлівымі да нашых людзей, да нашага народа. Шчасця вам, здароўя, жывіце доўга і дзейнічайце на карысць сваёй краіны і нашага народа”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Таксама сёння Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў былых старшыняў Вярхоўнага суда і Канстытуцыйнага суда Валянціна Сукалу і Пятра Міклашэвіча. Сукалу ўручаны ордэн Айчыны II ступені, а Міклашэвічу — ордэн Айчыны III ступені. Валянцін Сукала ўзначальваў ВС у 1997–2025 гадах, а Пётр Міклашэвіч быў на чале Канстытуцыйнага суда з 2008 па 2025 год.
Паводле слоў Лукашэнкі, ён разлічвае, што новыя суддзі ўнясуць уклад у стварэнне ў краіне той архітэктуры ўлады, якую ён жадае бачыць.
“Мы з гэтымі «монстрамі» ад юрыспрудэнцыі (прабачце мне за гэта «добрае» слова) не развітваемся. Я вельмі спадзяюся, што абноўлены Канстытуцыйны Суд, а тым больш Вярхоўны Суд краіны будуць функцыянаваць дакладна так — у міры і згодзе з іншымі галінамі ўлады, органамі дзяржаўнай улады — і ўнясуць годны ўклад у канчатковае фарміраванне той архітэктуры Беларусі, якую мы хацелі б бачыць ва ўладзе”, — сказаў ён.
“Я вам шчыра ўдзячны за ўсё, што вы зрабілі. Гэта датычыцца ўсіх нас. Час ідзе, прыходзяць маладыя людзі. Гэта добра, правільна. Мы павінны свой досвед, калі яны захочуць, перадаць ім, што і будзем рабіць у бліжэйшыя гады, што б пра нас ні казалі, ні пісалі”, — працягнуў Лукашэнка.
Ён таксама паабяцаў, што яшчэ сустрэнецца з суддзямі, каб абмеркаваць праблемы.
“Пра будучыню мы яшчэ з вамі пагаворым. Не адыходзьце далёка, калі ласка, ад таго, што мы з вамі стваралі дзесяцігоддзямі. Вялікі вам дзякуй. Думаю, што тыя, хто прыходзіць нам на змену, зробяць гэта лепш за нас і больш годна”, — дадаў ён.
