Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванне Кім Чэн Ыну ў сувязі з яго пераабраннем на пасаду генеральнага сакратара Працоўнай партыі Паўночнай Карэі па выніках IX з’езда партыі.
У віншаванні Лукашэнка назваў правядзенне з’езда “сведчаннем” поспехаў Кім Чэн Ына на пасадзе кіраўніка краіны і выказаў надзею на тое, што прынятыя рашэнні будуць спрыяць эканамічнаму развіццю КНДР.
«Паспяховае правядзенне IX з’езда сведчыць пра выдатныя вынікі Вашай кіраўнічай дзейнасці, пацвярджае адзінства партыі і карэйскага народа, а таксама рашучую накіраванасць на далейшае развіццё моцнай і самастойнай дзяржавы», — прыводзіць яго словы прэс-служба.
Ён выказаў упэўненасць, што прынятыя па выніках з’езда рашэнні “створаць дадатковыя ўмовы для паскарэння тэмпаў сацыялістычнага будаўніцтва, росту народнай гаспадаркі і нацыянальнага развіцця ва ўмовах няпростай міжнароднай абстаноўкі”.
Лукашэнка пажадаў адрасату здароўя, энергіі і новых поспехаў на карысць КНДР.
Кім Чэн Ын узначаліў КНДР у 2011 годзе пасля смерці свайго бацькі Кім Чэн Іра.
Кім Чэн Ын — трэці сын Кім Чэн Іра, сына і спадкаемцы першага правадыра КНДР Кім Ір Сена.
