Аляксандр Лукашэнка сёння раніцай прыбыў у Інданезію. Яго сустракалі з ротай ганаровай варты і народнымі танцамі.
Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, пасля прылёту ён сустрэўся з членамі ўрада Інданезіі. Зносіны з імі ён пачаў з прыёму, які часта выкарыстоўвае на сустрэчах з расійскімі губернатарамі, запрасіўшы інданезійцаў наведаць Беларусь і самім паглядзець, што ім можа быць цікава.
«Я хачу, каб вы ведалі: калі мы можам нешта для вас зрабіць — калі ласка, мы чакаем вас у Беларусі. Паглядзіце нашы вытворчыя кампаніі, нашы прадпрыемствы. Калі вас нешта зацікавіць, лічыце, што гэта ўсё рэалізавальна. У нас няма закрытых тэм у супрацоўніцтве з Інданезіяй. Наадварот, мы хочам пашыраць наша супрацоўніцтва. Таму давайце будзем дамаўляцца.
Калі вы захочаце інвеставаць у нейкія прадпрыемствы, мы разгледзім любыя вашы прапановы. Узаемна хацелі б, каб без усялякай валакіты і затрымак, калі мы будзем ствараць тут прадпрыемствы па сумеснай вытворчасці тавараў, якія вас цікавяць. Магчымыя любыя напрамкі супрацоўніцтва. Вы толькі кажыце, што трэба. Яшчэ раз падкрэсліваю: каб вызначыцца з нашымі магчымасцямі, паглядзіце ў Беларусі, на што здольная краіна», — сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў суразмоўцам, што беларускія тэхналогіі сыходзяць каранямі ў СССР.
«Вы добра ведаеце, што нашы магчымасці — гэта перш за ўсё беларускія тэхналогіі, якія сыходзяць каранямі ў часы Савецкага Саюза. Таксама ведаеце, што гэта была адна з самых развітых краін свету. Мы гэтыя тэхналогіі захавалі і шмат у чым мадэрнізавалі прадпрыемствы, якія працуюць па гэтых тэхналогіях. І самае галоўнае, я ведаю мэты, да якіх вы імкняцеся. І на шляху да гэтых мэт мы можам быць вам карысныя з нашымі тэхналогіямі», — сказаў ён.
Ва сустрэчы з інданезійскага боку прынялі ўдзел міністр інвестыцый, кіраўнік Інвестыцыйнага каардынацыйнага савета, генеральны дырэктар Суверэннага фонду дабрабыту Інданезіі “Данантара” Росан Перкаса Руслані, міністр сельскай гаспадаркі, кіраўнік Нацыянальнага агенцтва па харчаванні “Бапанас” Аідзі Амран Сулайман, генеральны дырэктар і прэзідэнт-дырэктар дзяржаўнай нафтагазавай карпарацыі “Петраміна” Сайман Алаізіус Манціры.
Адзначаецца, што перад візітам у Джакарце прайшоў беларуска-інданезійскі бізнес-форум, у рамках якога былі падпісаны дакументы на 76 млн долараў.