Літва выдала дазвол на дэмантажныя работы на другім энергаблоку Ігналінскай АЭС

Навіны
Фото: altra.lt

Дзяржаўная інспекцыя па ядзернай бяспецы Літвы выдала дазвол на дэмантаж і дэактывацыю абсталявання верхняй і ніжняй зон рэактарных каналаў другога блока, паведамляе кампанія Altra.

Работы па дэмантажы каналаў рэактара першага энергаблока завершаны, таму дазвол на дэмантаж другога блока адкрывае шлях да паслядоўнага працягвання працэсу дэмантажу абодвух рэактараў.

Паводле слоў кіраўніка Altra Лінаса Баўжыса, падобнага маштабу электрастанцыю з такім узроўнем радыяцыйнага забруджвання ў свеце яшчэ ніхто не дэмантаваў. Дзве траціны першага рэактара разабраны ўласнымі сіламі — наперадзе найбольш складаныя і радыяцыйна небяспечныя работы па дэмантажы актыўных зон, для якіх будуць прыцягнуты знешнія падрадчыкі. Частка работ выконваецца з выкарыстаннем дыстанцыйных і робатызаваных тэхналогій.

Агульны прагрэс дэмантажу станцыі дасягнуў 45,7%. Работы вядуцца з 2010 года па стратэгіі неадкладнага дэмантажу — без працяглага перыяду чакання. Поўны дэмантаж рэактараў плануецца завяршыць да 2043 года, усе работы па вывадзе з эксплуатацыі — да 2050 года.

У гэтым годзе таксама запланаваны дэмантаж паравых барабанаў-сепаратараў абодвух энергаблокаў — 8 прылад дыяметрам амаль 3 метры і даўжынёй каля 30 метраў агульнай вагой звыш 6000 тон.

Для захоўвання радыеактыўных адходаў прадугледжаны 4 сховішчы. Адно ўжо пабудавана і запаўняецца, другое плануецца ўвесці ў 2027 годзе, трэцяе — дабудаваць да 2028 года. Глыбіннае сховішча для адпрацаванага ядзернага паліва плануецца пабудаваць да 2080 года. Пасля дэактывацыі каля 78% дэмантаванага абсталявання і 94% жалезабетону вяртаецца на рынак другаснай сыравіны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.