Літоўскія перавозчыкі, якія забіраюць грузавікі, утрыманыя ў Беларусі з восені мінулага года, рызыкуюць сутыкнуцца з абвінавачаннямі ў парушэнні санкцый. Яны павінны аплаціць стаянку “Белмытсэрвісу”, які знаходзіцца пад санкцыямі.
Літоўскае інфармацыйнае агенцтва BNS запытала каментар у Службы расследавання фінансавых злачынстваў.
«Палажэнні рэгламенту і закона даюць падставы сцвярджаць, што плацяжы падсанкцыйнаму «Белмытсэрвісу» лічацца забароненым прадастаўленнем сродкаў падсанкцыйнай асобе. Аплата падсанкцыйнаму суб’екту праз трэціх асоб можа разглядацца як парушэнне забароны на ўдзел у дзейнасці, накіраванай на абыход замарожвання сродкаў і эканамічных рэсурсаў.
Рэгламент абавязковы ў поўным аб’ёме і наўпрост прымяняецца ва ўсіх дзяржавах-членах ЕС, ён абавязковы для ўсіх юрыдычных асоб, зарэгістраваных або заснаваных у адпаведнасці з заканадаўствам дзяржавы-члена”, — гаворыцца ў адказе ведамства.
Між тым у асацыяцыі перавозчыкаў Linava сцвярджаюць, што СРФЗ не давала перавозчыкам дакладных рэкамендацый па легальнай аплаце.
Заплаціць банкаўскім пераводам літоўскія юрыдычныя асобы не могуць. Унесці аплату наяўнымі таксама практычна немагчыма з-за забароны на вываз еўра з Літвы. Між тым рахункі для некаторых кампаній вылічаюцца дзясяткамі тысяч еўра. Адным з магчымых спосабаў аплаты з’яўляецца прыцягненне беларускіх партнёраў. Аднак перавозчыкі асцерагаюцца наступстваў у выглядзе штрафаў.
Паводле дадзеных літоўскай памежнай службы па стане на канец аўторка, у Літву вярнуўся 451 грузавік. У беларускім ГТК учора паведамілі, што паслугі па захоўванні на спецстаянцы аплачаны за 1000 транспартных сродкаў.
