Літоўскія памежнікі затрымалі шасцярых членаў арганізаванай групы, якіх падазраюць у кантрабандзе цыгарэт з выкарыстаннем метэазондаў, што запускаюцца з тэрыторыі Беларусі. Аперацыя была праведзена ў панядзелак у Вільнюсе і Вільнюскім раёне, паведамілі ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы.
Падчас вобшукаў былі канфіскаваныя 7,5 тыс. пачак цыгарэт беларускай вытворчасці, наяўныя грошы, SIM-карты літоўскіх і беларускіх мабільных аператараў, а таксама мабільныя тэлефоны. Таксама канфіскаваныя два аўтамабілі.
Затрыманым ад 25 да 46 гадоў. У бліжэйшы час суд вызначыць меры стрымання ў дачыненні да падазраваных.
Як адзначылі ў САДМ, з пачатку года памежнікі ўжо перахапілі 7 паветраных шароў з кантрабандай. Усяго канфіскавана 24 тыс. пачак цыгарэт.
За мінулы год у Літве былі выяўленыя 635 метэазондаў і 59 зондаў з цыгарэтнай кантрабандай. Канфіскавана больш за 1,6 млн пачак цыгарэт. Быў затрыманы 171 чалавек, датычны да кантрабанды.
